Янка Мойсік: “Папа рымскі мог бы спытацца, а дзе маці?”

Госьць “Начной Свабоды” -- супрацоўнік беларускага аддзелу Радыё Ватыкана Янка Мойсік.

Эфір 27 красавіка.


Вольга Караткевіч: Якія самыя апошнія камэнтары наконт сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з папам рымскім у італьянскіх СМІ?

Янка Мойсік: Сёньня я глядзеў усе італьянскія тэлеканалы, і кожны даваў фрагмэнты сустрэчы Лукашэнкі з папам рымскім і з кардыналам Бэртонэ, і асабліва зьвярталі ўвагу на маленькага Колю. Але больш зьвярталі ўвагу на сустрэчу папы з Камілаю і Чарльзам, якія былі прынятыя пасьля Лукашэнкі.Караткевіч: Многія нашы слухачы і наведнікі нашага сайту крытычна паставіліся да гэтай аўдыенцыі. Як Радыё Ватыкана асьвятляла гэтую падзею?

Мойсік: Мы ня можам крытыкаваць. Радыё Ватыкана падало толькі сухія навіны, што Лукашэнка прыбыў у Ватыкан а 10:45. Яго прывітаў прэфэкт папскага дому, а потым яго павялі да прыватнай бібліятэкі папы. Пасьля сустрэчы яны абмяняліся падарункамі: Лукашэнка атрымаў залаты мэдаль папы з пантыфікату апошняга, а Лукашэнка ўручыў папу абраз Хрыста. Пазьней быў сухі камунікат, і на гэтым Ватыкан закончыў візыт Лукашэнку ў сваю дзяржаву. Ватыкан камэнтароў не дае.

Караткевіч: Янка Мойсік, госьць “Начной Свабоды” 27 красавіка, рэдактар беларускага сэктару Радыё Ватыкана. Янка Мойсік нарадзіўся ў 1956 годзе ў вёсцы Парцава, што на Бельшчыне ў Польшчы. Закончыў Вышэйшую школу плянаваньня і статыстыкі ў Варшаве. У сьнежні 1981 году, напярэдадні ўвядзеньня ваеннага становішча ўрадам Войцэха Ярузэльскага, выехаў у Аўстрыю. А як вы сталі працаваць на Радыё Ватыкана?

Так што мая прыгода з Радыё Ватыкана працягваецца і па сёньняшні дзень
Мойсік:
Я ў Аўстрыі хадзіў у праваслаўную царкву, а раз пайшоў ва ўніяцкую царкву, якая знаходзіцца ў Вене. У той час туды прыехаў айцец Тамушанскі, былы кіраўнік беларускай праграмы Радыё Ватыкана, а гэта ўніяцкая царква была ўкраінскага абраду, і я заўсёды там прадстаўляўся не як украінец, а як беларус. І калі прыехаў Тамушанскі, яму сказалі, што тут ёсьць такі беларус...Як я помню гэта быў першы дзень Вялікадня 1983 году, ён мне запрапанаваў працу на Ватыканскім радыё. Я нават і ня ведаў такога радыё, я ж быў у Польшчы. Калі мая маці слухала сьвятыя імшы з Ватыкану, і яна не разумела, чаму ёсьць па-ўкраінску, а пазьней па-руску. Яна нават і ня ведала, што існуе беларуская праграма радыё Ватыкана. Гэта было ў 1970-я гады. І тады я 13 чэрвеня 1983 году прыбыў у Ватыкан на працу ў беларускай праграме. Пачатак быў цяжкі, мы былі ўтрох -- айцец Тамушанскі, айцец Маскалік, які, дарэчы, яшчэ жыве ў Лёндане, і я. Так што мая прыгода з Радыё Ватыкана працягваецца і па сёньняшні дзень.

Караткевіч: Давайце вернемся да той падзеі, як яна асьвятляецца... Вы відаць, часта асьвятлялі сустрэчы кіраўнікоў дзяржаваў, знакавых грамадзкіх асобаў з папам рымскім. Ці была заўважаная практыка, каб з сабой бралі дзяцей? Я пытаюся таму, што Аляксандар Лукашэнка ўзяў з сабой на спатканьне з папам малодшага сына Мікалая?

Мойсік: Гэта першы раз, і ўся італьянскае прэса цяпер на гэта акцэнтуе ўвагу і паказвае гэтага Міколу, які быў разам з Лукашэнкам. Гэта першы такі выпадак, што дзіця нейкага прэзыдэнта краіны прывялі ў Ватыкан. Дагэтуль я ніколі з такім не сустракаўся. Я нават і не разумею, чаму ён яго ўзяў. Папа рымскі мог бы спытацца, а дзе маці? Заўсёды кіраўнік краіны браў жонку. Напрыклад, Бэрлюсконі, ён разьведзены, сустракаўся з папам ня раз і браў з сабой прыватнага сакратара, але ніколі ня сына маленькага.

Гэта першы раз, і ўся італьянскае прэса цяпер на гэта акцэнтуе ўвагу і паказвае гэтага Міколу, які быў разам з Лукашэнкам
Караткевіч:
Сьвяты пасад распаўсюдзіў прэсавы рэліз паводле вынікаў сустрэчы Лукашэнкі і папы рымскага, у ім гаворыцца пра "мірнае суіснаваньне паміж праваслаўнай і каталіцкай супольнасьцямі Беларусі, а таксама іншымі рэлігійнымі канфэсіямі”. Сустрэча папы Бэнэдыкта XVI і прэзыдэнта Беларусі адбылася зноўку цытую ”ў абстаноўцы пазытыўнага клімату”. Скажыце, ці на Радыё Ватыкана і ў італьянскіх СМІ была апошнім часам крытычная інфармацыя адносна свабоды рэлігіі ў Беларусі? Я напрыклад нагадаю, што польскі бок афіцыйна прызнае Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс, дзяржаўныя беларускія чыноўнікі не прызнаюць гэтага саюзу. Дык вось зноўку паўтараю пытаньне, як ацэньвалася сытуацыя ў Беларусі ў справе свабоды веравызнаньня?

Мойсік: Ватыкан ад самага пачатку гаворыць, што ёсьць добрая сытуацыя з веравызнаньнем у Беларусі. Напрыклад ва Ўкраіне ўніяты ваююць з праваслаўнымі... У Беларусі ёсьць каталіцкая царква, якая мае шэсьць герархаў, чатырох эпіскапаў, арцыбіскупа Кандрусевіч і кардынала Сьвёнтка. Ёсьць больш за мільён чатырыста тысячаў каталікоў на дзесяць мільёнаў жыхароў. Напрыклад, цяпер у праваслаўны Вялікдзень арцыбіскуп Кандрусевіч быў на вячэры ў Філарэта. Думаю, гэта добры знак. Таксама калі быў каталіцкі Вялікдзень, хтосьці з боку праваслаўных таксама быў у касьцёле.

Ёсьць такі факт, што ў Беларусі не хапае сьвятароў-беларусаў, здаецца каля 40 працэнтаў – іншаземцы, пераважна палякі, якім Лукашэнка робіць праблемы. Значыць, трэба мець візы. Калі маеш візу, не ганяюць
Я бы тут не гаварыў пра напружаньне і дрэнная сытуацыю. Магчыма, дзяржава ня так ужо і хоча фінансаваць пабудову касьцёлаў і рэлігійных дамоў, але нядаўна была сустрэча Кандрусевіча з Лукашэнкам, дзе гэтую сытуацыю абмеркавалі, і арцыбіскуп Кандрусевіч быў даволі задаволены з гэтага. Ёсьць такі факт, што ў Беларусі не хапае сьвятароў-беларусаў, здаецца каля 40 працэнтаў – іншаземцы, пераважна палякі, якім Лукашэнка робіць праблемы. Значыць, трэба мець візы. Калі маеш візу, не ганяюць. Але ж існуе дзьве духоўныя сэмінарыі ў Горадні і Пінску. Так што з цягам часу ўжо ня будзе патрэбы ў замежных сьвятарах. І я не думаю, што нявыдача візы замежнаму сьвятару ёсьць перасьледам рэлігіі. Тут цяжка сказаць...Ватыкан прымае проста да ведама і падае паведамленьне, што ў Беларусі столькі і столькі сьвятароў не атрымалі візу і мусяць пакінуць краіну. Няма ніякага камэнтара, няма крытыкі Лукашэнкі, проста падаюць сухія факты .

Цалкам гутарка з Янкам Мойсікам.

СЛУХАЦЬ: