На Магілёўшчыне магілы вядомых асобаў, у якіх не засталося сваякоў у Беларусі, даглядаюць актывісты няўрадавых арганізацыяў. Яны адшукваюць такія магілы і прыводзяць іх у парадак.
Штогод гарадзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы праводзіць талаку на Ўсьпенскіх могілках. Тут пахаваныя знаныя сваімі справамі магілёўцы. Грамадзкія актывісты прыбіраюць магілы роду Гартынскіх. Кіраўнік суполкі Алег Дзьячкоў цьвердзіць, што і пра Ўсьпенскія могілкі, і пра род Гартынскіх ведаюць небагата жыхароў гораду.
“Наша грамадзтва духоўна спустошана, і гэтая маральная дэградацыя й цяпер працягваецца, бо маральнага стрыжня ў нашага грамадзтва й народу, на жаль, пакуль няма”.
Род Гартынскіх у магілёўскай гісторыі славуты мэцэнатамі, навукоўцамі, грамадзкімі дзеячамі. На гарадзкіх Усьпенскіх могілках — адзінаццаць пахаваньняў Гартынскіх. У Беларусі нашчадкаў вядомага магілёўскага роду няма. У 1918 годзе яны зьехалі за мяжу.
Даглядаюць магілы славутых землякоў і бабруйскія ТБМ-аўцы. Гаворыць іх кіраўнік Віктар Маліноўскі:
“На цэнтральных бабруйскіх могілках былі адшуканыя магілы двух сьвятароў каталіцкіх — ксяндза Міхала Аляхновіча й ксяндза Раманоўскага. Іх даглядалі пакаленьні каталікоў, якія адышлі ў 70—80-х гадах, а людзі, якія прыйшлі ў касьцёл, яны й ня ведалі пра гэтыя пахаваньні. Так атрымалася, што не было іх каму й паказаць”.
Паводле спадара Маліноўскага, дагляд пахаваньняў вымагае ня толькі часу рупліўцаў, але й матэрыяльных сродкаў, каб захоўваць магілы ў належным стане. А сродкаў, кажа актывіст, нестае, таму даводзіцца рабіць толькі тое, што магчыма на гэты момант.