Заява прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Клаўса ў сувязі з тым, што міністар Шварцэнбэрг запрасіў беларускага кіраўніка на саміт у Прагу, зьдзівіла шмат каго з назіральнікаў, піша францускае выданьне Le Monde.
“Я не прыму Лукашэнку ў Праскім градзе і ня буду паціскаць яму рукі”, — сказаў чэскі лідэр.
Цытуючы гэтыя словы, шмат хто з францускіх ды бэльгійскіх назіральнікаў падкрэсьлівае, што Клаўс, адрозна ад свайго папярэдніка Гавэла, ніколі публічна не дэманстраваў сваіх сымпатыяў да дысыдэнтаў. Напрыклад, ён не прымаў Далай-ламу, затое падтрымліваў добрыя стасункі з кітайскім кіраўніцтвам, мае цудоўныя дачыненьні з крамлёўскімі лідэрамі.
Што да запросінаў Лукашэнкі ў Прагу з боку цяперашняга старшынства ЭЗ, то Клаўс назваў гэтай “дваістай маральлю”.
Як піша Le Monde, рэакцыя чэскага кіраўніка — гэта свайго роду “ўдар па згуртаванасьці Эўропы”. Паводле выданьня, “магчымае зьяўленьне ў Празе Лукашэнкі — аўтарытарнага кіраўніка, які правіць жалезнай рукой — можа парушыць працу саміту і справакаваць абмеркаваньне на ім раней не заплянаваных тэмаў. Перададзенае Лукашэнку фармальнае запрашэньне раскалола ЭЗ на прыхільнікаў палітыкі “працягнутай рукі” і на тых, хто выступае за жорсткую лінію ў дачыненьні да Менску. Некаторыя краіны — Вялікабрытанія, Нідэрлянды ці Бэльгія — лічаць, што за апошні год выстаўленыя Менску патрабаваньні дэмакратызацыі, нягледзячы на вызваленьні палітзьняволеных, усё ж былі выкананыя толькі часткова”.