Ва ўладаў Менску свой “Чарнобыльскі шлях”

Менгарвыканкам прапанаваў свой маршрут правядзеньня вулічнай акцыі.

Кіраўніку Партыі БНФ Лявону Баршчэўскаму і ягонаму намесьніку Вінцуку Вячорку ўлады гораду прапанавалі правесьці шэсьце ад будынку прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук па вуліцы Сурганава да Чарнобыльскай каплічкі на вуліцы Арлоўскай.

Вінцук Вячорка лічыць, што ўлады не ўлічылі той факт, што на вуліцы Сурганава ідзе рамонт “толькі з тае прычыны, што рашэньне прымае адзін чалавек – гэта кіраўнік дзяржавы”. Ён, паводле словаў Вячоркі, “калісьці раней пагадзіўся на гэтым маршрут і цяпер лічыць, што цяпер саступіць на прапановы заяўнікам акцыі – гэта праява слабасьці”. Палітык зазначыў, што здольнасьць дамаўляцца з апанэнтамі ёсьць праявай менавіта эўрапейскай палітыкі.

Баршчэўскі не пагадзіўся з такім варыянтам. “Фактычна, мы ня здолеем правесьці людзей па гэтаму маршруту, бо там зараз усё раскапана, вялікія яміны, і мы ня зможам у гэтым выпадку гарантаваць бясьпеку ўдзельнікаў шэсьця”, - заявіў палітык БелаПАНу.

“Калі ўлады будуць настойваць на правядзеньні акцыі паводле такога маршруту, арганізатары здымаюць з сябе ўсю адказнасьць за магчымыя наступствы”, - запэўніў Баршчэўскі.

Раней сябры аргкамітэту “Чарнобыльскага шляху” падалі заяўку ў Менгарвыканкам. Яны прасілі, каб гарадзкія ўлады дазволілі ўдзельнікам акцыі сабрацца каля Акадэміі навук і прайсьці ў бок плошчы Якуба Коласа, а адтуль — да Чарнобыльскай капліцы, што на вуліцы Карастаянавай.