Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, які знаходзіцца ў менскім ізалятары № 1, абвясьціў бестэрміновую галадоўку.
Нагадаем, што Мікалай Аўтуховіч разам са сваімі паплечнікамі Юр’ем Лявонавым і Ўладзімерам Асіпенкам быў арыштаваны 8 лютага. Іх падазраюць у падпалах маёмасьці мясцовых чыноўнікаў. Паводле адваката Паўла Сапелкі, галадоўшчык патрабуе альбо перадаць справу ў суд, альбо памяняць меру стрыманьня ўсім, хто знаходзіцца пад сьледзтвам па гэтай справе, на падпіску аб нявыезьдзе. Чаму ў пэрыяд абвешчанай у Беларусі лібэралізацыі людзі зноў зьвяртаюцца да выпрабаванага мэтаду адстойваньня сваіх правоў — галадоўкі? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з праваабаронцам Алегам Воўчакам.
Дашчынскі: “Падчас арышту ў 2005 годзе Мікалай Аўтуховіч правёў 74 дзённую галадоўку за кратамі. Пасьля той акцыі пратэсту яму зьмянілі меру стрыманьня на мякчэйшую. Чым абумоўлена новая галадоўка?”
Воўчак: “Аўтуховіч — гэта мужны чалавек, паважаны, я думаю, ня толькі сярод “аўганцаў”, але і жыхароў Ваўкавыску. Ён абдумана пайшоў на гэты крок з-за грубага парушэньня яго правоў з боку пракуратуры і сьледзтва. Ён заявіў праз свайго адваката, што цягам двух месяцаў няма ніякіх сьледчых дзеяньняў. І да яго даходзіць інфармацыя, што фактычна ўсіх яго знаёмых і сяброў дапытваюць — не на прадмет падпалу дамоў Кацубы, а наконт захаваньня выбуховых рэчываў, зброі і гэтак далей. Сьледзтва не вядзе практычнай працы, а зьбірае нейкія чуткі. Фактычна ўсе нераскрытыя справы па злачынствах, зьвязаных з выбухамі і захаваньнем зброі, спрабуюць павесіць на яго. І, магчыма, падвесьці пад словы былога міністра Навумава аб існаваньні “глыбока закансьпіраванай арганізацыі”. Таксама Аўтуховіч хоча прыцягнуць увагу “Міжнароднай амністыі” і Рады Эўропы да праблемаў з правамі чалавека ў Беларусі. Бо тысячы грамадзянаў зазнаюць сваволю з боку сьледчых органаў. Як праваабаронцы, мы не зьбіраемся чакаць суду. І ад моманту затрыманьня лічым вязьнямі сумленьня, палітвязьнямі Аўтуховіча, Лявонава і Асіпенку”.
Дашчынскі: “У зьвязку зь нядаўнім вызваленьнем пад падпіску аб нявыезьдзе Арцёма Дубскага ці можна казаць, што ў Беларусі пачалася другая хваля нейкай лібэралізацыі адносна апанэнтаў уладаў?”
Воўчак: “Адпачатку мы вылучылі вэрсію, што гэта закладнікі. Іх узяла ўлада, каб патаргавацца з Захадам. Бачна, што цягам двух месяцаў пасьля затрыманьня аддзел па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю не знайшоў ніякіх доказаў. А ўсё кіраўніцтва міністэрства ўнутраных спраў, каля 20 прафэсіяналаў, палкоўнікі, падпалкоўнікі, маёры, працавалі па “ваўкавыскай справе”. Спэцпадразьдзяленьне “Алмаз” шукала зброю. Зрабілі больш за 40 ператрусаў і нічога не знайшлі. Таму, магчыма, ідзе торг да 7 траўня. Каб Эўропа падумала, што вось кіраўнік краіны разабраўся, вызваліў з-пад варты. Апроч закладнікаў ён нічога ня можа Эўропе прапанаваць — ні зьмены ў эканоміцы, ні зьмены ў заканадаўстве адносна свабоды мэдыяў ці выбарчым”.
Дашчынскі: “У тэлезвароце да нацыі прэзыдэнт Малдовы заклікаў праваахоўныя органы краіны правесьці ўсеагульную амністыю і спыніць усе формы перасьледу ўдзельнікаў нядаўняй акцыі пратэсту ў Кішынэве. Ці магчымы падобны крок у Беларусі?”
Воўчак: “Такога ў нас ня будзе. У Малдове апазыцыйныя партыі рэальна бяруць удзел у выбарах і трапляюць у органы ўлады. І там ніхто іх так не прэсынгуе, як у нас. Варонін, хаця і камуніст, але ведае, што ён і яго дзеці хочуць жыць у сваёй краіне. Таму ён думае пра будучыню. А тут А.Лукашэнка думае толькі пра сваю ўладу і каб яна была трывалай.
Я думаю, што кіраўніцтва Беларусі не разумее, што той жа Аўтуховіч пойдзе да канца. І я не хачу, каб паўтарылася сытуацыя, у якой апынулася Яна Палякова, калі судовыя органы і міліцыя ня верылі, што яна пойдзе на такі крок.Таму да галадоўкі трэба вельмі сур’ёзна ставіцца ў сьледчым ізалятары. І спыніць псыхалягічны ціск спэцслужбаў на яго і на яго сям’ю і знаёмых. Скажуць зьверху — выпусьцяць, а ня скажуць, будзе паміраць у турме”.