Экс-пракурора Сьнегіра забаранілі фатаграфаваць у клетцы

Міхаіл Сьнягір

У Заводзкім судзе Менску завяршаецца працэс адносна прыналежнасьці элітнай кватэры, за якую былы пракурор Менскай вобласьці Міхаіл Сьнягір заплаціў 250 тысяч даляраў, а цяпер сядзіць празь яе ў сьледчым ізалятары.

Заводзкі суд Менску заканчвае разгляд кватэрнай спрэчкі паміж былым пракурорам Менскай вобласьці Міхаілам Сьнегіром і былым кіраўніком прадстаўніцтва фірмы “Шве-Бел Партнер” Уладзімерам Сідаровічам. 16 красавіка адбыліся судовыя спрэчкі, рашэньне суду будзе абвешчана ў панядзелак, 20 красавіка. Ад гэтага рашэньня, не выключаюць назіральнікі, будзе залежаць лёс крымінальнай справы супроць экс-пракурора.

Судзяцца былы пракурор Сьнягір і прадпрымальнік Сідаровіч за элітную кватэру ў доме № 2 па вуліцы Грыбаедава. Пра гэтую кватэру стала шырока вядома з выступу Аляксандра Лукашэнкі на нарадзе сілавікоў у канцы мінулага году. Кіраўнік Беларусі публічна зьдзівіўся, адкуль у пракурора Сьнегіра грошы на кватэру ў цэнтры гораду, якая каштуе сотні тысяч даляраў, і даручыў сьледчым разабрацца. У выніку празь некалькі дзён Міхаіла Сьнегіра зьнялі з пасады і арыштавалі. Чацьверты месяц ён сядзіць у сьледчай турме КДБ “амэрыканка”. Тым часам ягоная спрэчка з былым уладальнікам кватэры Ўладзімерам Сідаровічам працягваецца. Былы пракурор, які заплаціў за кватэру 250 тысяч даляраў, просіць ануляваць дамову, паводле якой гэтую ж кватэру раней арандаваў Уладзімер Сідаровіч. Маўляў, той парушыў пагадненьне. Спадар Сідаровіч спрабуе даказаць адваротнае: што парушальнік — былы пракурор. Прадпрымальнік просіць суд скасаваць дамову куплі кватэры Сьнегіром у фірмы “Шве-Бел Партнер”.

Якая атмасфэра на судзе? Заўважна, што гэтай звычайнай фармальнай справе ўлады надаюць вялікую вагу. На ўваходзе ў суд міліцыянты правяраюць дакумэнты і перапісваюць прозьвішчы журналістаў, у судовай залі фатаграфаваць забаронена нават да пачатку працэсу. За парадкам у залі сочаць адразу тры міліцыянты.

Цікаўнасьць да працэсу выкліканая і станам экс-пракурора Міхаіла Сьнегіра. У суд яго прывозяць у “варанку”, у залю былы пракурор ідзе пад аховай, моцна кульгаючы. Выступаючы, ён спасылаецца на цяжкую хваробу, але адвакат адмовіўся паведаміць, чым захварэў былы пракурор Менскай вобласьці, знаходзячыся за кратамі. Паводле людзей, якія бачылі Сьнегіра да арышту, ён вельмі схуднеў. У жалезнай клетцы, падымаючыся для выступу, Міхаіл Сьнягір трымаецца за краты. Каб маральна падтрымаць Міхаіла Сьнегіра, у суд сёньня прыйшлі ягоныя сын і жонка. Ад камэнтару журналістам яны адмовіліся. Жонка Сьнегіра спаслалася на дрэннае самаадчуваньне. На мінулым судовым паседжаньні яна гучна абуралася, што фотакарэспандэнты здымаюць яе мужа ў клетцы.

Прадпрымальнік Уладзімер Сідаровіч прыехаў на працэс на новым джыпе. У судзе ён трымаецца ўпэўнена, без затрымкі адказвае на ўсе пытаньні другога боку. На працэсе прагучала меркаваньне, што спадар Сідаровіч нібыта “справакаваў банкруцтва фірмы „Шве-Бел Партнер“, каб завалодаць часткай яе актываў”, у тым ліку элітнай кватэрай на Грыбаедава, якую кампанія пабудавала і здала яму ў арэнду. Уладзімер Сідаровіч пагадзіўся даць камэнтар да гэтага меркаваньня:

“Ёсьць рашэньне швэдзкага суду ад 2007 году аб абвяшчэньні пачатку працэдуры банкруцтва кампаніі „Шве-Бел Партнер“. І прызначэньні банкрутнага ўпраўляючага. А кватэра была прададзеная Сьнегіру менш як за месяц да банкруцтва, калі было ўжо вядома пра банкруцтва”.

Другі бок таксама абвінавачвае Ўладзімера Сідаровіча ў несумленнасьці. У прыватнасьці, гучалі абвінавачаньні ў падробцы подпісу на дакумэнце. Аднак сёньня гэтыя абвінавачаньні былі зьнятыя. Як паведаміў адвакат Сьнегіра Анатоль Шапялевіч, “гэта можна было б даказаць, але няма патрэбы зацягваць працэс”. Адвакат перакананы, што суд стане на бок Міхаіла Сьнегіра:

“Сьнягір і я, як ягоны прадстаўнік, мяркуем, што наша пазыцыя грунтуецца на законе і таму наш пазоў павінен быць задаволены”.



Анатоль Шапялевіч абараняе Міхаіла Сьнегіра і ў крымінальнай справе, заведзенай супроць былога пракурора Менскай вобласьці паводле абвінавачаньня ў злоўжываньнях. Паводле адваката, гэтая справа працягнутая да 14-га траўня, але Анатоль Шапялевіч мяркуе, што расьсьледаваньне зноў працягнуць.

Падчас спрэчак прадстаўнік пракуратуры выказаўся ў падтрымку Міхаіла Сьнегіра.