Пра гэта нашаму радыё паведаміў адвакат М.Аўтуховіча Павал Сапелка. Галадоўка пачалася сёньня.
Са слоў адваката Паўла Сапелкі, Мікалай Аўтуховіч хоча дамагчыся ў максымальна кароткія тэрміны папярэдняга расьсьледаваньня сваёй справы, каб яе накіравалі ў суд або выпусьцілі яго й ягоных сяброў Юр’я Лявонава і Ўладзімера Асіпенку на волю.
Са слоў адваката, Мікалай Аўтуховіч лічыць, што сьледчыя дзеяньні не праводзяцца, а іх папросту ўтрымліваюць за кратамі зь невядомых для яго прычын. Ён таксама патрабуе, каб расьсьледаваньне было перададзена зь Міністэрства ўнутраных спраў у Генэральную пракуратуру.
Павал Сапелка: “Так, Мікалай абвясьціў галадоўку зь сёньняшняга дня. Патрабуе завяршыць у кароткі тэрмін расьсьледаваньне і перадаць справу ў суд, альбо — зьмяніць меру стрыманьня. Прычым ня толькі для сябе, а і для ўсіх абвінавачаных па гэтай справе. Аўтуховіч лічыць гэтую справу працягам тых перасьледаў, якія вядуцца супроць яго з 2003 году. Лічыць, што яго кінулі ў турму за ягоную грамадзкую дзейнасьць. Мой падабаронны зазначае, што пасьля ягонага арышту ў лютым былі арыштаваныя таксама Лявонаў і Асіпенка. Яго падчас сьледзтва дапыталі толькі тры разы, і больш ніякіх сьледчых дзеяньняў зь ягоным удзелам не было. Аднак сьледзтва ня толькі не завершанае, а нават і працягваецца — цяпер яно працягнутае да 5 траўня. Таму ў майго падабароннага ўзьнікае пытаньне: калі ёсьць доказы, дык чаму зацягваецца расьсьледаваньне? Тады справу павінны перадаць у суд для адкрытага працэсу. А калі доказаў няма, дык выпусьціце людзей з турмы, а самі працягвайце сьледзтва”.
Самаадчуваньне Мікалая Аўтуховіча ня вельмі добрае. Са слоў адваката, ён скардзіцца на болі ў сэрцы, на тое, што баляць вочы, а да таго ж у яго яшчэ хранічны панкрэатыт. Праўда, зазначае Павал Сапелка, пры гэтым Мікалай Аўтуховіч стараецца трымацца бадзёра.
Нагадаю, што, паводле інфармацыі МУС, затрыманых падазраюць у арганізацыі і ўчыненьні шэрагу цяжкіх злачынстваў. У прыватнасьці, было паведамлена пра падпалы і падрывы маёмасьці дзяржаўных службоўцаў.
Усім тром прад’яўлены абвінавачаньні паводле артыкулу 218 Крымінальнага кодэксу (наўмыснае зьнішчэньне або пашкоджаньне маёмасьці).
Нагадаем: Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў — былыя палітвязьні. Яны былі асуджаныя на турэмнае зьняволеньне, але летась гэтае пакараньне ім замянілі на абмежаваньне волі.
Мікалай Аўтуховіч раней некалькі разоў абвяшчаў галадоўкі, калі быў пад сьледзтвам у гарадзенскай турме. Самая доўгая зь іх працягвалася 74 дні. Тады даходзіла да таго, што ён траціў прытомнасьць у судовай залі.