За адмоўным сальда — інфляцыя і паскораны рост цэнаў

Дэфіцыт зьнешняга гандлю Беларусі за першыя два месяцы сёлета параўнальна з такім жа пэрыядам летась падвысіўся ў два з паловай разы. Паводле Белстату, ён склаў ужо больш за мільярд даляраў. Беларускі экспарт за гэты час скараціўся на 45%.
СЛУХАЦЬ:


Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук адзначае, што найперш сёлета сталі даражэйшымі энэрганосьбіты:

Яраслаў Раманчук
“Па газу мы маем 213 даляраў за тысячу кубоў — гэта тая цана, якую ўлічвае Белстат. Потым “праселі” нашы асноўныя тавары экспарту. Значна зьменшыліся тыя пазыцыі, зь якіх мы традыцыйна мелі добрыя грошы. Гэта — аўтамабіле- і машынабудаваньне. Таксама ад продажу калійных угнаеньняў атрымалі менш. Вось гэта асноўныя прычыны, зь якіх гандлёвы дэфіцыт так павялічыўся”.

Старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў і працадаўцаў Уладзімер Карагін кажа, што “дзейнасьць беларускіх вытворцаў моцна зьвязваюць адміністратыўныя працэдуры”:

Уладзімер Карагін
“У распыл ідзе сёньня ўся наша энэргія. Яна павінна канцэнтравацца на вытворчасьці, продажы, маркетынгу... А мы фактычна больш займаемся ўлікам. І заканадаўства, калі паглядзець на яго акцэнты, створанае больш пад правяральнікаў, падатковых фінансістаў. А не пад вытворцу, каб той зрабіў і прадаў больш сваёй прадукцыі”.

Свае прапановы саюз перадаў ураду, кажа спадар Карагін. Уладам, у прыыватнасьці, раяць выкарыстоўваць субкантрактацыю — гэта калі буйное прадпрыемства перадае вытворчасьць асобных дэталяў невялікім заводам і фабрыкам. Тады замежныя кампаніі, найперш расейскія, маглі б рэгулярна сілкаваць беларускія прадпрыемствы сваімі заказамі, падкрэсьлівае Ўладзімер Карагін:

“Мы маглі б у большай ступені разьмяшчаць розныя заказы. І значна зьнізіць сабекошт вырабу, вывесьці яго на зусім іншую канкурэнтную лінію. А праз гэта пашырыць наш экспарт”.

Пакуль навукоўцы ды бізнэсоўцы вырашаюць, як павялічыць экспарт, улады змагаюцца за зьмяншэньне гандлёвага дэфіцыту праз забарону набываць замежнае. Белстат сьведчыць — сёлета імпарт у Беларусь ужо скараціўся на 31,8%.

Яраслаў Раманчук называе сёньняшнюю сытуацыю “пачаткам канца”:

"Таму што няма падставаў лічыць, што дэфіцыт будзе зьмяншацца. Безумоўна, тэмпы падзеньня экспарту будуць перавышаць тэмпы падзеньня імпарту. А калі ў краіне ня будзе валюты, дык тады імпарт скароціцца значна — не на 5—10%, а на 45—50%. Гэта вельмі непрыемная сытуацыя, зь якой у межах плянавай эканомікі выйсьці нельга. Таму і наступствы будуць вельмі дрэннымі. Наступная фаза крызісу ў Беларусі будзе выяўляцца альбо ў вельмі крытычным стане банкаўскай сыстэмы, альбо ва ўкіданьні ў эканоміку новых грошай. А гэта будзе вылівацца ў інфляцыю і вялікі рост цэн”.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, у 2007 годзе адмоўнае сальда ў зьнешнім гандлі Беларусі складала 4,4 мільярда даляраў. Летась яно вырасла да мінус 6,6 мільярда. Калі сёлета захаваецца дынаміка, паказаная ў першыя два месяцы, то атрыманымі крэдытамі дэфіцыт пакрыць ня ўдасца, адзначаюць незалежныя эканамісты.