СЛУХАЦЬ:
Адказваючы на пытаньне нашага радыё пра тое, ці зьбіраецца Палата прадстаўнікоў карэктаваць сёлетні бюджэт, сьпікер Андрэйчанка заявіў:
“Продаж і рэалізацыя вырабленага — гэта сёньня пытаньне нумар 1 і для Рэспублікі Беларусь. Таму карэкціроўкі бюджэту ў пэўнай ступені, канечне, будуць. Аднак яны не закрануць ніякіх сацыяльных праграм і сацыяльных кірункаў.
У нашай краіне будуць зробленыя пераразьмеркаваньні інавацыйных фондаў і будуць зьменены кірункі іх выкарыстаньня. Тое, што ў гэтых фондах адкладзена на разьвіцьцё вытворчасьці, мадэрнізацыю прадпрыемстваў, застанецца. А сродкі, якія прадугледжваліся на іншыя мэты, будуць сабраныя разам. Гэта прыкладна тры з паловай трыльёны рублёў, і пераважна гэтыя грошы пойдуць на закуп айчыннай тэхнікі”.
Апазыцыя таксама патрабуе тэрмінова перагледзець бюджэт. Нацыянальны камітэт аб’яднаных дэмакратычных сілаў (“ценевы ўрад”) сёньня перадаў афіцыйным ўладам свае прапановы. Кіраўнік Нацкаму Анатоль Лябедзька адзначае:
“Мы канстатуем надзвычай складаную сытуацыю, якая сёньня ўжо стала рэальнасьцю. І Аляксандар Лукашэнка, і афіцыйны ўрад прызнаюць наяўнасьць эканамічнага крызісу. Але гэта не рэтрансьлюецца ў дзеяньні. Бюджэт стары, ён не скарэктаваны пад крызіс. Вялікія зь ім праблемы. Таму мы прапануем тэрмінова заняцца гэтым пытаньнем і гатовыя садзейнічаць, увайсьці ў склад спэцыяльнай рабочай групы.
Адначасова мы робім акцэнт на тым, што ўсё ж такі трэба захоўваць артыкулы бюджэту, зьвязаныя з забесьпячэньнем пэнсіянэраў, шматдзетных сем’яў ды іншых сацыяльных груп”.
Эканаміст, кіраўнік аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка тлумачыць, чаму амаль усе палітыкі абяцаюць альбо заклікаюць не чапаць сацыяльныя выдаткі:
“Сацыяльныя артыкулы — гэта настрой людзей, гэта палітычныя абавязаньні, гэта такая клятва. Усе кажуць, што ня будуць чапаць. Але ўсё пойдзе інакш. Напрыклад, сацыяльныя артыкулы сапраўды не закрануць, а зьменшаць выдаткі на адукацыю. Значыць, стыпэндыі зьменшацца ў студэнтаў, заробкі выкладчыкаў застынуць дзесьці на ўзроўні 1998 году”.
Леанід Заіка прагназуе: улады будуць казаць, што мы не закранем сацыяльных выдаткаў, але ўскосна гэта значна адаб’ецца на ўзроўні жыцьця насельніцтва:
“Расейцы зьбіраюцца на 30% падвысіць пэнсіі. Яны кранаюць сацыяльныя артыкулы? Кранаюць, ды яшчэ як. А мы чаму не кранаем? Можа, і мы, як расейцы, узялі б і павялічылі сацыяльныя артыкулы.
Уявіце такі эфэкт. Гадавая інфляцыя ў Беларусі дасягне 30%, а сацыяльныя гарантыі застануцца бязь зьменаў. І тады пэнсіі ды іншыя розныя выплаты проста зьменшацца на 30%. Пра гэта чыноўнікі маўчаць. А менавіта так і будзе”.
Леанід Заіка адзначае: тое, што не падвышаюцца пэнсіі, заробкі бюджэтнікаў, ужо цяпер закранае сацыяльныя артыкулы, бо вядзе да рэальнага зьніжэньня ўзроўню жыцьця насельніцтва Беларусі.