Велікодныя паштоўкі па-польску, французску і нямецку

У Горадні адчынілася выстава гарадзенскіх велікодных паштовак. На выставе можна ўбачыць блізу сотні сьвяточных паштовак на польскай, нямецкай, французскай, рускай мовах. Усіх іх аб’ядноўвае тое, што іх дасылалі альбо атрымлівалі жыхары Гарадзеншчыны ў 20-30 гады мінулага стагодзьдзя. Аўтар калекцыі гарадзенскі краязнаўца Сяргей Лушчык.



Выстава багата аздоблена саматканымі беларускімі пасамі, ганчарнымі вырабамі зробленымі ў розныя часы на тэрыторыі Гарадзеншчыны. Цэнтральнае месца выставы займае абраз з выявай трох віленскіх пакутнікаў, намаляваны ў Горадні ў 1847 годзе.




Арганізавана выстава пры падтрымцы Гарадзенскага Руху “За Свабоду”.

Гэта ўжо другая спроба адраджэньня традыцыі сьвяточных выставаў у Горадні – выстава калядных паштовак адбывалася ў сьнежні-студзені.

Сьвяточную выставу можна наведаць да 21 красавіка штобудні дзень ад 10 да 18 гадзіны па адрасе: Горадня, вул. Будзёнага 48а-44 (памяшканьне Таварыства Беларускай Школы).