Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка зьвінаваціў Расею ў тым, што яна не выконвае дамоўленасьцяў, не здымае абмежаваньняў па доступе беларускіх тавараў на свой рынак.
Ён адзначыў, што трэба паціху дывэрсыфікаваць экспарт і выходзіць на іншыя рынкі. Таксама зьявілася інфармацыя пра тое, што Савету міністраў даручана распрацаваць тыпавыя праекты абсталяваньня пунктаў пропуску на беларуска-расейскай мяжы. З чым зьвязаныя гэтыя захады? Пра гэта Алесь Дашчынскі гутарыць з палітолягам Дзянісам Мельянцовым.
Дашчынскі: “Пакуль што афіцыйныя прадстаўнікі адмаўляюць намеры ўводзіць на беларуска-расейскай мяжы памежны кантроль. Але чаму менавіта цяпер, калі на двары крызіс, вырашылі заняцца абсталяваньнем тут пунктаў пропуску? Маўляў, калі на зьнешняй мяжы саюзнай дзяржавы гэтыя пункты адпавядаюць міжнародным стандартам, то на мяжы з Расеяй сытуацыя патрабуе пільных захадаў. Ці можа гэта быць неяк абумоўлена далучэньнем Беларусі да праграмы “Ўсходняга партнэрства”?
Мельянцоў: “Менш за ўсё гэта зьвязана з праграмай “Усходняга партнэрства”, бо, фактычна, яна пакуль нічым не напоўнена. То бок празь месяц можа адбыцца ўстаноўчы саміт. Пасьля чаго будзе ісьці гаворка пра нейкія праекты, дзе будуць удзельнічаць канкрэтныя краіны. І адпаведна пра новыя патрабаваньні да гандлю і да абсталяваньня межаў. То бок я не шукаў бы тут такіх прычын. Хутчэй гэта зьвязана проста з палітычнай рыторыкай. Неаднаразова беларускія ўлады казалі, што неабходна ўвесьці пункты кантролю, і пакуль іх не было. Таму гэта — у кантэксьце цяперашняга торгу паміж Масквой і Брусэлем за Беларусь: хто больш дасьць і якім чынам гэта паўплывае на Беларусь”.
Дашчынскі: “А як наконт заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Беларусь павінна дывэрсыфікаваць экспарт і выходзіць на іншыя рынкі? Паводле папярэдняй інфармацыі, “Усходняе партнэрства” прадугледжвае стварэньне зонаў свабоднага гандлю...”
Мельянцоў: “Такія заявы варта разглядаць у палітычным рэчышчы. То бок абмежаваны продаж беларускіх тавараў у Расеі — і, натуральна, трэба неяк паўплываць на расейскі бок. Адпаведна ў ход ідуць такія палітычныя інструмэнты, як спробы запужаць Маскву магчымай геапалітычнай пераарыентацыяй Беларусі на Захад. Натуральна, Беларусі неабходна дывэрсыфікаваць свае рынкі збыту, і Беларусь была б вельмі зацікаўленая ў допуску на эўрапейскі рынак. Але гэта асобнае пытаньне. Гэтая заява таксама можа разглядацца як дэманстрацыя Эўразьвязу прыхільнасьці з боку Беларусі напярэдадні саміту “Ўсходняга партнэрства”. Беларусь дэманструе, што зацікаўлена менавіта ў эканамічных стасунках з Эўразьвязам. Гэта такі мэсыдж і на Захад, і на Ўсход.
Гэта не азначае, што калі Беларусь запросяць узяць удзел ва “Ўсходнім партнэрстве”, то праз год будзе створана зона свабоднага гандлю. Гэта больш доўгайграючы праект, і ён будзе залежаць таксама ад дзеяньняў беларускага боку. Але сапраўды — так, “Усходняе партнэрства” — гэта праект, які канкуруе з Расеяй, бо Расея спрабуе выбудаваць зону свабоднага гандлю на постсавецкай прасторы. І ЭЗ паставіў сабе на мэце таксама такі плян-праект. Натуральна, два гэтыя цэнтры, Брусэль і Масква, будуць змагацца паміж сабой за Беларусь, Украіну і астатнія краіны, якія ўвойдуць ва “Ўсходняе партнэрства”.
Дашчынскі: “Даўно ўжо з боку прадстаўнікоў беларускіх уладаў не было такіх ацэнак на адрас Расеі — “дыскрымінацыйныя захады” адносна беларускіх тавараў, “несумленнае” стаўленьне. З чым гэта можа быць зьвязана?”
Мельянцоў: “Гэта зьвязана зь беспрэцэдэнтным палітычным ціскам, які Масква спрабуе чыніць на Беларусь, з прызнаньнем грузінскіх тэрыторый. Беларусь фактычна адмовілася прызнаваць гэтыя тэрыторыі. У зьвязку з уступленьнем Беларусі ва “Ўсходняе партнэрства” і такімі напружанымі палітычнымі стасункамі ў зьвязку з грузінскімі тэрыторыямі варта чакаць абвастрэньня беларуска-расейскіх адносін. А гэта можа быць вельмі станоўчым у разьвіцьці далейшых беларуска-эўрапейскіх дачыненьняў”.