Вянок памяці. Раіса Жук-Грышкевіч


Раіса Жук-Грышкевіч
У Канадзе на 89-м годзе жыцьця памерла актыўная дзяячка беларускай эміграцыі Раіса Жук-Грышкевіч.

Нарадзілася Раіса Жук-Грышкевіч 22 кастрычніка 1919 году ў Пружанах. У вайну яе вывезьлі ў Нямеччыну. Пасьля яна трапіла ў лягер для перамешчаных асобаў, а потым у Канаду, дзе выйшла замуж за Вінцука Жук-Грышкевіча. Ён быў першым кіраўніком беларускай рэдакцыі Радыё Свабода, а ў далейшым — прэзыдэнтам Рады БНР.

Спадарыня Раіса прымала актыўны ўдзел у беларускім жыцьці. Шмат гадоў яна ўзначальвала Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады, была сярод фундатараў Згуртаваньня беларусаў Канады, працавала дзеля арганізацыі беларускай службы Радыё Свабода. Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла згадвае яе ў сваёй кнізе ўспамінаў у разьдзеле “Выдатныя жанчыны”. Цяпер спадарыня Сурвіла ўспамінае:

“Апроч таго, што яна была сябрам Рады БНР, была грамадзкая дзеячка. Працавала дантысткай, дапамагла шмат каму ў гэтай галіне. Была здольная аўтарка і цудоўная арганізатарка. Яна арганізавала ў Таронта свайго роду лекцыі беларусістыкі ў Беларускім цэнтры. Там сьвяткаваліся ўгодкі нашых вялікіх людзей. Яна найчасьцей рабіла даклады на гэтыя тэмы. Яна гэта рабіла, бо была вялікая патрыётка, вялікая беларуска. І да канца жыцьця была зь Беларусьсю. І пакуль мела сілы, старалася перадаць сваю любоў да Беларусі ўсім, каго бачыла. Яна вельмі ганарылася, што яна з Пружанаў, і вельмі любіла Пружаны”.

Да нядаўняга часу спадарыня Раіса выдавала на сваім кампутары бюлетэнь “Камунікат”. А на адным зь відэа ў інтэрнэце спадарыня Расіа апавядае пра беларускі крыж у Мідлэндзе, які яна ўзьняла разам з мужам.



Івонка Сурвіла: “Гэты крыж стаўся сапраўдным месцам паломніцтва беларусаў ня толькі з Канады, але і зь іншых краінаў. Ён быў усталяваны з нагоды 1000-годзьдзя Беларусі. І збоку ёсьць вялікі камень, на якім успамінаюцца ахвяры камунізму ў Беларусі. Штогод ёсьць беларускае паломніцтва да крыжа. Гэта адна зь вялікіх справаў, да якіх спрычынілася доктар Раіса Жук-Грышкевіч”.

Сябра Рады БНР, гісторык, доктар Янка Запруднік згадвае:

“Такая сьветлая асоба была. Вялікае сяброўства ў яе было з Натальляй Арсеньневай. Пакінула шмат архіўнага матэрыялу. Такая дбайлівая была ў сэнсе захаваньня памяці, дакумэнтаваньня беларускага жыцьця ў Канадзе. Усю сваю энэргію і любасьць да беларушчыны яна пакінула на старонках бюлетэню, які выдавала. Яна была набожная, і я памятаю, мы былі з Кіпелямі на пахаваньні Арсеньневай у Рочэстэры. І падчас багаслужбы чыталася малітва “Ойча наш”. Сьвятар па-ангельску, а яна на ўвесь голас у царкве — па-беларуску. Была такая інтэрвэнцыя беларушчыны ў англамоўную багаслужбу. Яна была вельмі эмацыйная на беларускай глебе”.

Двойчы спадарыня Раіса прыяжджала ў Беларусь. Пра гэта згадвае пісьменьніца Лідзія Савік:

“У мяне агромністая папка яе лістоў. Яна мне прысылала свае артыкулы, “Камунікаты”. Яна вельмі актыўна адгукалася на ўсе падзеі беларускага жыцьця. Яна прыяжджала на першы зьезд беларусаў сьвету ў 1993 годзе і была абрана ў вялікую раду. Калі зьявілася яе кніга “Жыцьцё Вінцэнта Жук-Грышкевіча”, я напісала вялікі артыкул у “ЛіМ”, тады гэта ж можна было. Яна была вельмі ўдзячная. А потым яна прыяжджала, здаецца, у 1995 годзе на зьезд беларусістаў. У той год, калі нядобрай памяці Ціцянкоў разарваў наш беларускі бел-чырвона-белы сьцяг. Гэта якраз тады быў зьезд беларусістаў. Нехта выйшаў на сцэну і сказаў: вы тут гаворыце пра беларускія справы, а наш бел-чырвона-белы сьцяг парваны на шматкі. Для нас гэта быў страшэнны ўдар у сэрца. Такая высокая нацыянальная сьвядомасьць, духоўная напоўненасьць Раісы — гэта найвыдатнейшыя рысы беларускай жанчыны”.

Раіса Жук-Грышкевіч памерла 2 красавіка. Заўтра ў горадзе Бэры адбудзецца разьвітаньне. А пахаваюць яе каля мужа на беларускіх могілках Нью-Брансуік у Нью-Джэрзі, ЗША.