“Слаўся, любімы наш Гомельскі край!”

Адмысловая камісія пры ўправе культуры з амаль сотні прапановаў, пададзеных на конкурс, прызнала лепшым твор начальніка ўпраўленьня спраў аблвыканкаму, чальца афіцыйнага Саюзу пісьменнікаў Беларусі Аляксандра Ўрубеля й выкладчыка пэдагагічнага каледжу Валера Копыла. Першы напісаў тэкст, другі — музыку.

Паводле афіцыйных зьвестак, беларускамоўны гімн бліжэйшым часам мае быць зацьверджаны ў аблвыканкаме. А першае яго выкананьне заплянавана на апошнюю дэкаду красавіка, калі афіцыйна будуць адзначацца 90-я ўгодкі ўтварэньня Гомельскай губэрні ў складзе РСФСР.

Гімн Гомельшчыны:

Сэрцу мілейшай ня знойдзеш зямлі,
Прыроды цудоўней няма і народа.
Заўжды на Палесьсе ляцяць жураўлі,
Яны, як і мы, з краю гэтага родам.

Прыпеў:

Слаўся, любімы наш гомельскі край!
Шануем усё, што здабыта вякамі,
Красуй, узмацняйся і працьвітай,
Радзімы сьцяг з гонарам рэе над намі!

Продкі — радзімічы й дрыгавічы -
Між Прыпяцьцю з Сожам займалісь рамёствам,
Вытокі, саборы змаглі зьберагчы,
Кірыла адкрыў шлях духоўнага росту…


Прыпеў

Лясамі, хлябамі, сьвятлом гарадоў,
Культурай, сябрамі спакон даражылі.
Мы зробім усё, каб на веліч гадоў
У міры і шчасьці тут праўнукі жылі.