Галяндзкая спрэчка вакол Беларусі

Люк Блом

Пра гэта заявіў, выступаючы на паседжаньні ніжняй палаты нідэрляндзкага парлямэнту дэпутат ад партыі лейбарыстаў Люк Блом. Ён таксама скрытыкаваў палітыку галяндзкага кіраўніцтва, накіраваную супраць пашырэньня Эўразьвязу. Паводле Блома, Зьвяз павінен быць адкрыты для такіх краін як Беларусь, Украіна і Малдова.
Блом: “Калі ўсе гэтыя тры краіны будуць адпавядаць адпаведным стандартам у галіне дэмакратыі, правоў чалавека, эканомікі, калі яны будуць праводзіць неабходныя рэформы, то чаму яны ня могуць быць паўнавартаснымі сябрамі Эўразьвязу, чаму яны павінны быць пазбаўленыя падобнай пэрспэктывы?”

Люк Блом заявіў, што ён і ягоная партыя вітаюць далучэньне Беларусі да праграмы “Ўсходняе партнэрства”.

“Зразумела, дзеля паўнавартаснай інтэграцыі з Эўропай трэба, каб у гэтай краіне адбылося шмат зьменаў”, – лічаць галяндзкія лейбарысты. – Аднак Беларусь, як частка Эўропы, павінна ведаць пра свае пэрспэктывы стаць часткай ЭЗ”.

Паводле лейбарыстаў, пашырэньне ЭЗ ёсьць і будзе вельмі істотным фактарам, які стымулюе рэформы ва ўсходнеэўрапейскіх краінах”.

Такога ж меркаваньня прытрымліваюцца і шэраг іншых галяндзкіх партый – “левых зялёных”, D66. Чакаецца, што пытаньне пашырэньня Эўразьвязу за кошт Беларусі, Украіны, іншых геаграфічна належных да эўрапейскага кантынэнту краін стане адной з асноўных тэмаў гэтых палітыкаў у часе эўрапейскай выбарчай кампаніі сёлета ў чэрвені.

Тым часам урад Нідэрляндаў пастаянна артыкулюе, што далучэньне шасьці постсавецкіх краін, уключна зь Беларусьсю, да “Ўсходняга партнэрства” не дае ніякіх падставаў для паўнавартаснага сяброўства ў ЭЗ.

Як заявіў галоўны крытык афіцыйнага Менску, кіраўнік МЗС Нідэрляндаў Максім Фэрхагэн, заявы Блома адносна цалкам нерэалістычнай пэрспэктывы “прыводзяць выключна да блытаніны і расчараваньня”.

Люк Блом, 1957, займаецца ў нідэрляндзкім парлямэнце пытаньнямі абароны. Таксама зьяўляецца сябрам ПА НАТО, старшынём нідэрляндзкай дэлегацыі ў парлямэнце БэНіЛюксу.