У парадак дня сэсіі Палаты прадстаўнікоў ня ўключанае пытаньне аб прызнаньні Беларусьсю незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, на чым настойвае Расея.
Кіраўнік палаты Ўладзімер Андрэйчанка не назваў гэтае пытаньне і калі пералічваў законапраекты, якія мяркуецца ўключыць у парадак дня пазьней.
Да галоўных пытаньняў, унесеных у парадак дня сэсіі, У.Андрэйчанка аднёс закон аб амністыі, прымеркаванай да 65-годзьдзя вызваленьня Беларусі, законапраект аб дзяржаўнай моладзевай палітыцы і новую рэдакцыю закону аб прымусовым узьдзеяньні на алькаголікаў і наркаманаў.
23 красавіка ў Нацыянальным сходзе чакаецца традыцыйнае пасланьне А.Лукашэнкі.