Цімафей Авілін: Воз замест Вялікай Мядзьведзіцы

Госьць “Начной Свабоды”– спэцыяліст у сфэры этнаастраноміі, магістар гісторыі Цімафей Авілін.

Ганна Соўсь: “Цімафей, напэўна, Вам ня раз даводзілася адказваць на пытаньне, што такое этнаастраномія....

Цімафей Авілін: Калі не казаць надта навукова, то этнаастраномія -- гэта навука, якая вывучае сувязь чалавека з нябеснымі сьвяціламі, напрыклад, з зоркамі, сувязь з месяцам, з космасам пра культурную прызму. То бок гэта ўжо бліжэй да культуралёгіі. Этнаастраномія ў тым ліку гэта і частка лінгвістыкі. Напрыклад, усім вядомыя такія назвы як Вялікая Мядзьведзіца, Малая Мядзьведзіца, Млечны шлях. Але наўрад ці многія калісьці думалі, што ў нас, беларусаў, былі свае назвы для гэтых сузор'яў. Як напрыклад і ў украінцаў, і ў літоўцаў, і ў чэхаў. У нас Вялікую Мядзьведзіцу называлі Воз, ці казалі, што гэта нейкая Чаша ці Карэц. Тое ж сузор'е Плеяда, а на тэрыторыі Беларусі распаўсюджаная назва Сіта, у Літвы называюць Сетас. Гэта кажа аб тым, што беларускі этнагенэз быў бліжэй да балцкага. Ці напрыклад, Млечны шлях... Прыяжджаеш на вёску, пачынаеш размаўляць з бабулямі, дык яны кажуць Птушыная дарога, па ёй нібыта птушкі ў вырай ляцяць і вяртаюцца да нас.

Соўсь:
З 28 па 29 сакавіка пераводзяць гадзіньнікі з зімовага на летні час. Раней мянялі гэтак стрэлкі гадзіньнікаў? Ці дасьледуеце вы гэтую зьяву?

Авілін: З гэтага лепей было і пачаць. Чаму ўвогуле існуюць павер'я, зьвязаныя з зоркамі? Раней трэба было неяк вызначаць час, арыентаваліся на першых, другіх і трэціх пеўняў, але часам і ў нас на вёсках старыя людзі глядзелі на неба і па зорках вызначалі, што трэба класьціся спаць, ці ісьці на працу. Арыентуючыся на зьяўленьні сузор'яў вызначалі і гадавыя сьвяты. Таму што гэта зьвязана з вызначэньнем часу, і таму захавалася ў памяці людзей. Яшчэ ёсьць і тое, што зьвязанае з міталёгіяй. Тры сястры, напрыклад, гэта тры зоркі ў сузор'і Пояс Арыёна, гэтыя тры сястры сустракаюцца дзе заўгодна -- і ў песьнях, гэта і прымхі, забабоны, павер'я розныя. Гэтак таксама і зоркі тры на небе. Часам кажуць, што гэта тры сястры ці асілкі, а наконт асілкаў сустракаюцца запісы, што гэта тры браты ці плямы на месяцы. Гэта ўжо больш бок міталёгіі. Што гэта можа нейкія багіні былі, зьвязаныя з ткацтвам...

Соўсь: Якія крыніцы вы выкарыстоўваеце ў дасьледаваньнях? Па вёсках ходзіце, па бібліятэках?

Авілін: Асноўнымі крыніцамі спачатку былі толькі слоўнікі . На жаль, ня шмат было занатавана. А потым ужо паехалі мы на вёску ў экспэдыцыю на Браслаўшчыну і паспрабавалі даведацца, ці можна ўвогуле такога кшталту матэрыял знайсьці. Была вельмі файная бабулька, якой было пад 90 гадоў, якая нам распавяла пра розныя назвы зорак . І адразу ўзьнікла адчуваньне, што гэта яшчэ жыве, і гэта трэба зьбіраць. Калі казаць пра крыніцы, то першае што трэба рабіць, гэта зьбіраць інфармацыю зараз. Размаўлялі са знаёмым у Чэхіі, і ён кажа, што ў іх гэтага ўжо ўвогуле няма, а ў Беларусі яшчэ гэта ўсё нават цяпер можна запісаць. Таму першая крыніца, вядома, палявая экспэдыцыя . Другія крыніцы -- слоўнікі і крыніцы 19 і 20 стагодзьдзя.

Соўсь: Як ўзьнікла цікавасьць да гэтай тэматыцы?

Авілін:
Першапачаткова мне падабалася гісторыя...

Соўсь: Вы маеце гістарычную адукацыю?

Авілін: Не. Калі я быў зусім малым, пайшоў у гурток у Рэспубліканскі цэнтар тэхнічнай творчасьці навучэнцаў у Менску, і там быў добры выкладчык Цыркун Канстанцін Іванавіч, які выкладаў астраномію. Мяне гэта вельмі захапляла, таму я і пайшоў на фізычны факультэт, дарэчы, і ў выніку ў мяне адукацыя фізіка-ядзершчыка. Але дзесьці з першага ці другога курсу я пачаў зьбіраць матэрыял па народнай астраноміі, і зараз ужо пайшоў у магістратуру ў ЭГУ надалей вывучаць гэтую тэму.