Сёньня ў Брусэлі адбылася міжнародная канфэрэнцыя “Дарожная мапа для Беларусі”. Яе арганізавалі тры найбуйнейшыя фракцыі Эўрапейскага парлямэнту — народнікі, сацыялісты ды лібэралы. Сваё бачаньне сытуацыі ў краіне дэпутатам прадставілі Анжаліка Борыс, Жанна Літвіна, Анатоль Лябедзька і Аляксандар Мілінкевіч. У якасьці экспэртаў выступілі прадстаўнікі міжнародных праваабарончых і журналісцкіх арганізацыяў.
Удзельнікі дыскусіі, на якой прадстаўнікоў афіцыйнага Менску не было, адзначылі: сапраўднага прагрэсу ў Беларусі пакуль няма. Праўда, гучалі меркаваньні, што адбываецца зьмена рыторыкі, палепшыліся пэўныя колькасныя паказьнікі, але прынцыповых зьменаў не відаць. Пра гэта казалі ня толькі беларускія ўдзельнікі канфэрэнцыі, але і прадстаўнікі міжнародных арганізацыяў.
Бачаньне палітычнай сытуацыі ў Беларусі Аб’яднанымі дэмакратычнымі сіламі прадставіў сустаршыня АДС Анатоль Лябедзька:
“Асноўны зьмест майго выступу зводзіўся да таго, што патрэбна перазагрузка дыялёгу. Я яшчэ раз сказаў, што пазыцыя АДС грунтуецца на эўрапейскіх каштоўнасьцях і маральных прынцыпах. Таму яна моцная, незалежна ад таго, што тут адбываецца.
І яшчэ я сказаў пра тыя хібы, якія сёньня мае дыялёг паміж Брусэлем і афіцыйным Менскам. Гэта — дыялёг без умоў, баз пасярэднікаў, без парадку дня. Ён — неэфэктыўны. І дзеля таго, каб мяняць сытуацыю, трэба перазагрузіць дыялёг. Прынцыпова мы за дыялёг, мэты і задачы ў нас агульныя. А вось як яго арганізоўваць і праводзіць, гэта ўжо пытаньне дыскусійнае. І яго трэба вырашаць”.
Сёньняшняя канфэрэнцыя стала апошняй у цэлай сэрыі дыскусій і кансультацый, якія праводзілі дэпутаты Эўрапарлямэнту ў беларускім пытаньні. Днямі яны зьбіраюцца прымаць спэцыяльную рэзалюцыю аб Беларусі. Да таго ж іх кадэнцыя сёлета заканчваецца. Анатоль Лябедзька кажа, што і гэта знайшло адлюстраваньне ў звароце да эўрапейскіх парлямэнтароў:
“Пасланьне ад АДС было такое — вы годна прайшлі ўсю кадэнцыю. І важна паставіць апошнюю кропку. Калі зараз сёй-той хацеў, каб маральныя эўрапейскія прынцыпы і каштоўнасьці адышлі на другі плян, то Эўрапейскаму парлямэнту трэба заставацца пасьлядоўным і напрыканцы сваёй працы. Мы, вядома, разьлічваем, што ў іхнай рэзалюцыі будуць расстаўлены ўсе акцэнты. І гэта будзе люстраны адбітак таго, што мы бачым у Беларусі”.
Анатоль Лябедзька таксама паведаміў, што да пачатку канфэрэнцыі ён наведаў офіс Вярхоўнага прадстаўніка ў пытаньнях агульнай зьнешняй палітыкі і палітыкі бясьпекі Эўразьвязу, Генэральнага сакратара Рады Эўразьвязу Хавіера Саляны. Там адбылася сустрэча:
“Але яна прайшла ў рэжыме “ціхай дыпляматыі”. Гэта азначае, што мы дамовіліся не раскрываць зьмест нашай сустрэчы. Толькі канстатуем, што яна адбылася, што мы праводзім сустрэчы, праводзім дыскусіі і з прадстаўнікамі Саляны”.