Агратурызмам сям’ю не пракорміш

Гаспадары сялянскіх сядзібаў, якія займаюцца агратурызмам, з трывогай чакаюць адкрыцьця турыстычнага сэзону. Зараз іх сядзібы амаль увесь час стаяць пустыя.

Апошнія гады на Гарадзеншчыне набыў папулярнасьць агратурызм. У кожным раёне ёсьць сялянскія сядзібы, дзе ахвотным прапаноўваецца вясковы адпачынак.

Праўда, узімку большасьць сядзібаў турысты не наведваюць. Кажа гаспадар сядзібы “Лебядзіная”, што ў Шчучынскім раёне, спадар Іван.

Спадар Іван: “Зімой ніхто не прыяжджае, толькі як сьвяты якія — Новы год, а так няма нікога”.

Гаспадыня сядзібы “Лаўрыновічы”, што на Зэльвеншчыне, Валянціна Трацяк тлумачыць гэта тым, што ў зімовы пэрыяд у большасьці сядзібаў няма чаго прапанаваць турыстам, бо ў дамах няма нават душа з гарачай вадой.
ў зімовы пэрыяд няма чаго прапанаваць турыстам, бо ў дамах няма нават душа з гарачай вадой ...

Валянціна Трацяк думае, што ў сувязі з крызісам сёлетні турыстычны сэзон будзе значна адрозьнівацца ад мінулых.

Трацяк: “А таму, што людзі будуць меней траціць на адпачынак, бо бяднее народ. У іх зьмяншаюцца заробкі, даляр будзе расьці, а я ж не змагу рабіць таньней свае паслугі. Гэта ўсё паўзьдзейнічае. Людзі будуць прыяжджаць на гадзінку-другую, але без начлегу. Пасядзяць каля возера, і ўсё”.

Спадарыня Трацяк кажа, што зараз у банках ім даюць крэдыты пад зручны працэнт, каб упарадкаваць сядзібу. Аднак у цяперашняй эканамічнай сытуацыі гаспадары баяцца іх браць, бо няма шанцаў, каб іх адрабіць.

Яна дадае, што займаючыся толькі агратурызмам, у нашых умовах сям’ю не пракорміш.

Я пытаюся — ці робіцца што-небудзь, каб зацікавіць замежнага турыста й на гэтым зарабіць? Гаспадыня сядзібы адказвае, што замежнікі да яе трапляюць, як правіла, толькі выпадковыя, хто па справах знаходзіўся ў Беларусі, а спэцыяльна сюды ня едуць.
ў нас нават на запраўках няма куды схадзіць у прыбіральню й няма дзе рукі памыць...

Трацяк: “Павінен быць паўсюль адпаведны сэрвіс. Чаго паедуць турысты, скажам, з Польшчы, калі ў нас нават на запраўках няма куды схадзіць у прыбіральню й няма дзе рукі памыць? Дый у такіх сядзібах, як мая, гарачага душа нават няма”.

Гаспадар сядзібы “Лебядзінай” дадае, што замежнікам усё ж вельмі падабаецца наша прырода.

Спадар Іван: “Вось былі ў мяне швэды — яны раней у “Азёрным” (прафілякторый Нацбанку побач з Горадняй) адпачывалі й сказалі, што больш туды ня вернуцца, а будуць у мяне адпачываць. Казалі, што ня любяць шыхтам хадзіць на абед, а любяць, каб свабода была”.