Гішпанія за скасаваньне санкцыяў супраць Беларусі

Міністар замежных справаў і супрацоўніцтва Гішпаніі Мігель Марацінас сустрэўся ў зь кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым.

Гішпанія выступіла за скасаваньне ўсіх санкцыяў супраць кіраўніцтва Беларусі. Пра гэта Мігель Марацінас паведаміў пасьля перамоваў зь Сяргеем Мартынавым.

Гішпанскі дыплямат зазначыў, што ў часе візыту ён прадстаўляе ня толькі сваю краіну, але і Раду Эўропы і Эўрапейскі зьвяз, бо ад 1 студзеня 2010 году Гішпанія будзе старшыняваць у гэтай арганізацыі.

“Мы хочам, каб на пачатку нашага старшынства была падпісана першая базавая дамова, якая вызначала бы нашыя двухбаковыя дачыненьні. Да гэтага часу мы павінны цалкам пакласьці канец усім санкцыям і абмежаваньням — мэханізмам учорашняга дня”, — заявіў Марацінас.

Гішпанія як старшыня Рады Эўропы выступае за тое, каб дачыненьні зь Беларусьсю разьвіваліся інтэнсіўней.

Гішпанія падтрымлівае наданьне Беларусі статусу спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкую асамблею Рады Эўропы. Марацінас выказаў спадзеў, што ў бліжэйшай будучыні Беларусь стане паўнавартасным сябрам Рады Эўропы.

Дыплямат таксама паведаміў, што ў Менску бліжэйшым часам будзе адкрыты Інфармацыйны цэнтар Радыё Эўропы.

***

Гэта першым візыт кіраўніка зьнешне палітычнага ведамства Гішпаніі пасьля атрыманьня Беларусьсю незалежнасьці.

“Такім чынам мы робім гісторыю”, - зазначыў Марацінас.

“Мы павінныя ісьці на кампрамісы і зрабіць нашыя адносіны больш інтэнсіўнымі”, - дадаў ён.

Паводле Марацінаса, мэты ягонага візыту: разьвіцьцё двухбаковых дачыненьняў, а таксама разьвіцьцё дачыненьняў Беларусі і Рады Эўропы, у якой цяпер старшынюе Гішпанія.

У сваю чаргу Сяргей Мартынаў заклікаў да ўсебаковага разьвіцьця адносінаў паміж дзяржавамі. Ён засяродзіў увагу на эканамічным супрацоўніцтве.

“Нягледзячы на эканамічны крызіс, мы павінныя думаць пра стасункі ў эканамічнай сфэры і паскорыць іх”, - заявіў Мартынаў.

Паводле кіраўніка МЗС Беларусі, Гішпанія - заўважны сябра Эўразьвязу з эканомікай, якая разьвіваецца вельмі хутка. “Беларусь – таксама краіна з адной з самых пасьпяховых эканомік у былым СССР”.

Мартынаў прызнаў, што эканамічныя стасункі Беларусі і Гішпаніі пакуль невялікія. Пры гэтым тэмпы росту летась склалі 36%, “што сьведчыць пра інтарэс да супрацоўніцтва ў эканамічнай сфэры”.

Дыпляматычныя стасункі Паміж Беларусьсю і Каралеўствам Гішпанія ўсталяваныя 13 лютага 1992 году.

  • Таваразварот у 2008 годзе - 219 мільёнаў даляраў ЗША. У параўнаньні з 2007 годам – падрос на 36,4%.
  • Экспарт скараціўся на 7,9%, склаў 22,4 мільёны даляраў
  • Імпарт павялічыўся на 44,4%,склаў 196,6 мільёны даляраў.

Агульны аб’ём інвэстыцыяў у беларускую эканоміку ў 2008 годзе 106,4 тысячаў даляраў.