Адмова ў форме запрашэньня

Міністры замежных справаў ЭЗ ля замку Глубока над Влтавай

На нефармальнай сустрэчы міністраў замежных спраў Эўразьвязу было папярэдне вырашана даслаць у Менск запрашэньне на саміт Эўрапейскага партнэрства, які адбудзецца ў Празе 7 траўня, даючы адначасова зразумець Аляксандру Лукашэнку, што ў Празе чакаюць не яго, а нейкага іншага прадстаўніка Беларусі. Аднак афіцыйнае рашэньне па гэтым пытаньні так і не было агучана.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода зь месца сустрэчы ў чэскім замку Глубока над Влтавай, галоўным апанэнтам запрашэньня беларускага прэзыдэнта выступіў Міністар замежных справаў Нідэрляндаў Максім Фэрхагэн. Ён запатрабаваў гарантый ад кіраўніка Эўракамісіі, што, нягледзячы на запрашэньне, накіраванае Лукашэнку, Беларусь будзе прадстаўляць на саміце Міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў. У адваротным выпадку галяндзкі дыплямат прыгразіў публічным выкрываньнем беларускага лідэра на саміце.

Карэспандэнт нашага Радыё Ахта Лоб’якіс паведамляе:

“Была заключаная дамова, згодна зь якой запрашэньне будзе перададзенае Лукашэнку – пры негалосным разуменьні, што асабіста ён у Прагу 7 траўня ня зьявіцца, а замест гэтага дашле свайго міністра замежных спраў ці якога-небудзь іншага чыноўніка. Такім чынам можна будзе забясьпечыць прысутнасьць Беларусі і адначасна пазьбегнуць магчымых непрыемных сцэнаў.”

Па выніках сустрэчы кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Эўразьвязу Хаўер Саляна заявіў: “Гэта вельмі важны саміт, і мы хацелі б, каб на ім былі прадстаўленыя ўсе”. Паводле Ахта Лоб’якіса, многія палітыкі інтэрпрэтуюць гэтую заяву як “усе краіны”, а ня “ўсе лідэры”.