Прэсавы сакратар незарэгістраванага Саюзу палякаў Ігар Банцар даведаўся, што яго аштрафавалі завочна -- нібыта за актыўны ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, якая адбылася ў другой палове студзеня ў Горадні. Ён аштрафаваны на 15 базавых адзінак (525 тысяч рублёў).
Пра гэта сьведчыць судовая пастанова, кажа Ігар. Справу разглядала судзьдзя па адміністратыўных справах Натальля Козел. Паводле спадара Банцара, гэтаксама завочна і на такую ж суму аштрафаваны кіраўнік Гарадзенскага гарадзкога аддзелу Саюзу палякаў Мечыслаў Яскевіч, але копіі пастановы па ягонай справе пакуль няма.
Тры пратаколы наконт несанкцыянаванага студзеньскага мітынгу каля сядзібы афіцыйнага Саюзу палякаў у Горадні міліцыянты склалі на пачатку сакавіка. У Ленінскім раённым судзе гораду быў разгледжаны толькі адзін пратакол — адносна журналіста Андрэя Пачобута. 17 сакавіка яго аштрафавалі на 525 тысяч рублёў. А празь некалькі дзён стала вядома пра завочны разбор.