Актывісту Аляксандру Баразенку, фігуранту “справы 14-ці”, сёньня вынесьлі другое папярэджаньне.
Яго выклікалі да начальніка крымінальна-выканаўчай інспэкцыі Фрунзенскага РУУСа Менску Натальлі Нікіценкі. Тая сказала, што папярэджаньне выносіцца за парушэньне рэжыму, зьвязанага з вынесеным яму пакараньнем.
У інтэрвію карэспандэнту “Свабоды” Аляксандар патлумачыў, што ўчора позна ўвечары міліцыянт, які прыйшоў на кватэру, адвёз яго на мэдычную экспэртызу, каб удакладніць факты спажываньня алькаголю.
“Калі я тлумачыў, што я зараз ужываю лекі, якія ўтрымліваюць сьпірт, гэта не прымалася пад увагу. Адвезьлі, зафіксавалі невялічкую долю алькаголю — здаецца, 0,1 праміле. І сёньня быў складзены яшчэ адзін пратакол і было вынесена яшчэ адно папярэджаньне”.
Аляксандар таксама сказаў, што робіць захады ў сувязі са зьбіцьцём яго міліцыянтам 23 сакавіка. Сёньня ў інспэкцыі ад хлопца запатрабавалі напісаць пісьмовую заяву наконт гэтага зьбіцьця. Адпаведную скаргу Аляксандар Баразенка накіруе таксама і ў пракуратуру.
Нагадаем, за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў хлопцу прысудзілі адзін год абмежаваньня волі, і цяпер ён можа знаходзіцца толькі дома або на працы.