Грамадзкі рэдактар тыдня – адзін з заснавальнікаў адроджанай Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, намесьнік старшыні БСДП(Грамада), гісторык і дасьледчык Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Сідарэвіч. Сёньня ён расказвае пра далейшае пасьля ўтварэньня БНР будаўніцтва незалежнай Беларусі.
Пастанову пра абвяшчэньне Беларусі сувэрэннай і незалежнай дзяржавай Рада БНР прыняла ўранку 25 сакавіка, калі ўжо ўзышло сонца. Пачаўшы сваё паседжаньне ўвечары ў нядзелю, Рада магла працягваць яго і ў панядзелак, бо дзень быў сьвяты – Дабравешчаньне. Пасьля 12 гадзін напружанай дыскусіі сябры Рады БНР разышліся на адпачынак, каб апоўдні прадоўжыць працу. Дакладна вядома, што не адпачываў Антон Луцкевіч, бо гэта ён пісаў 3-ю Устаўную Грамату. І калі апоўдні сябры Рады БНР зноў прыйшлі ў дом № 43 на Захараўскай, праект Граматы быў гатовы.
Анатоль Сідарэвіч. Грамадзкі рэдактар тыдня – адзін з заснавальнікаў адроджанай Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Грамады, намесьнік старшыні БСДП(Грамада), гісторык і дасьледчык Беларускай Народнай Рэспублікі Анатоль Сідарэвіч. Цягам тыдня ён будзе расказваць пра тое, як утваралася БНР, пра яе ўрокі для сёньняшніх змагароў за незалежную дэмакратычную Беларусь. |
І Масква ўжо не магла ігнараваць гэтае імкненьне. Ідучы пад націскам гістарычных абставінаў на стварэньне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, бальшавікі мусілі згадзіцца з тым, што ў Маніфэсьце Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі запісаў былы сябар Сацыялістычнай Грамады Зьміцер Жылуновіч. А Жылуновіч, зьвяртаючыся да народу Беларусі, выказваў сваю даўнюю мару: “Паміж працоўнымі Расеі, Літвы, Украіны і Латвіі ад сягоньняшняга дня становіцеся і вы вольнымі і паўнапраўнымі гаспадарамі вольнай незалежнай Беларускай Сацыялістычнай Рэспублікі”.
Загнаўшы першую БССР у нябыт, бальшавікі мусілі ў ліпені 1920 году зноў згадзіцца на абвяшчэньне незалежнасьці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. Даючы гэтую згоду, Масква, зноў крывіла душою: ніякае незалежнасьці для ССРБ не прадбачылася. Аднак адначасова і прадбачылася. У 1924 годзе аўтар 3-й Устаўнай Граматы напісаў артыкул “Будаваньне Беларусі”. І пачаў ён гэты артыкул словамі: “А ўсё ж такі Яна будуецца! Парэзаная жыўцом на кускі, падзеленая паміж прагавітымі суседзямі, выкасаваная з карты Эўропы і як быццам засуджаная на сьмерць і нябыт, — Беларусь не памерла і ў сэрцах і душах сыноў сваіх перажыла, ператрывала часы ліхалецьця, каб ізноў паўстаць да жыцьця”.
Антон Луцкевіч разглядаў БССР як пераходны этап да сапраўды незалежнае Беларусі. Заканчваючы артыкул, ён выказаў нязломную веру ў тое, што “раней ці пазьней адбудуецца Беларусь наша так, як у нашых снах-летуценьнях мы яе сабе выабражаем”.
Спатрэбілася шмат ахвяраў і часу, каб Беларусь стала незалежнаю. Але мара бацькоў-заснавальнікаў Беларускай Дзяржавы зьдзейсьнілася толькі часткова.
Яшчэ нямала сілаў трэба пакласьці на тое, каб незалежная Беларусь стала дэмакратычнаю, прававою і сацыяльнаю дзяржаваю.