За апошні месяц кошты на другасным рынку жытла працягвалі зьніжацца. Калі ў лютым самая танная аднапакаёвая кватэра каштавала 39 тысяч, то днямі — 32 тысячы.
СЛУХАЦЬ:
Старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Беларускае таварыства ацэншчыкаў” Мікалай Трыфанаў даў такую характарыстыку сытуацыі на рынку нерухомасьці:
“Агульная тэндэнцыя зразумелая: сапраўды, цэны падаюць. Скажу агульнавядомую ісьціну: калі цэны падаюць на нерухомасьць, значыць, у эканоміцы нешта няладна, гэта з аднаго боку. З другога боку, яны ў нас з розных прычынаў узьняліся дастаткова хутка. У выніку, калі былі вычарпаныя тыя фактары, дзякуючы якім яны ўздымаліся, пачалася стабілізацыя, зьніжэньне”.
Рыэлтар сталічнага агенцтва нерухомасьці “Дзінас” кажа, што цэны на другаснае жытло зараз спыніліся:
“Цэны ўпалі да таго мінімуму, па якім людзі гатовыя ўжо купляць кватэры. Паўтара тыдні яны ўжо ня падаюць. Яны спыніліся. Што будзе далей, хто ведае... Можа, крыху апусьцяцца, а можа, і не. А жыльлёвае пытаньне заўсёды актуальнае, крызіс — ня крызіс... Прычым людзі ўжо не таргуюцца. Калі два-тры тыдні таму яшчэ таргаваліся, то цяпер не. І прадаўцы ёсьць, і пакупнікі. Прычым пакупнікі без крэдытаў, а проста з грашыма”.
У залежнасьці ад раёну, дома, паверху, стану кватэры цэны на звычайную аднапакаёўку ў Менску вагаюцца ад 35 да 50 тысяч даляраў. Аднапакаёвую хрушчоўку рэальна набыць за 35 тысяч даляраў. Да прыкладу, на сайтах выстаўленыя дзьве такія кватэры па вуліцы Чыгладзэ за 36 тысяч даляраў і 34 з паловай тысячы. Што да аднапакаёвай кватэры ў панэльным доме ў добрым раёне, кшталту Зялёнага Лугу ці Ўручча, рыэлтарка распавяла:
“Самая сярэдняя цана — ад 45, нават 44, да 50 тысяч даляраў”.
самая танная аднапакаёўка каштуе прыкладна 35 тысяч даляраў...
Такім чынам, зараз самая танная кватэра каштуе прыкладна 35 тысяч даляраў. Пару дзён таму на вуліцы Каржанеўскага прадалі аднапакаёўку за 32 тысячы, але ў тым выпадку чалавеку тэрмінова былі патрэбныя грошы, каб набыць двухпакаёўку.
Што да самай таннай двухпакаёвай кватэры, рыэлтарка кажа:
самая танная двухпакаёўка каштуе прыкладна 49 тысяч даляраў ...
А якія прагнозы на будучыню? Старшыня Беларускага таварыства ацэншчыкаў Мікалай Трыфанаў кажа, што рабіць іх цяжка:
“Не хацелася б. Думаю, што нельга. Справа ў тым, што рынак нерухомасьці — ён не замкнёны, а адкрыты. І цесна зьвязаны з агульным станам эканомікі. Таму рабіць нейкія прагнозы адносна рынку нерухомасьці не выпадае”.
Што да коштаў новага жытла, зараз Камітэт дзяржаўнага кантролю вядзе сур’ёзныя праверкі, якія будуць завершаныя ў красавіку. У адным з жыльлёва-будаўнічых каапэратываў кошт квадратнага мэтра быў завышаны на 17%.
А вось сытуацыя на рынку крэдытаваньня куплі і будаўніцтва жытла застаецца складанай. Крэдыты на жытло выдаюць толькі 5 банкаў з 31.
Тры банкі — «Беларусбанк», «Белпрамбудбанк” і “Белінвэстбанк” — выдаюць крэдыты толькі ў беларускіх рублях пад 25—26%, а “Белросбанк” і “Прыёрбанк” — у валюце пад 17% гадавых.