У Менскім міжгарнізонным вайсковым судзе пачаўся разгляд скаргі Франка Вячоркі на дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў падчас прызыўной кампаніі.
Гвалтоўна прызваны ў войска моладзевы актывіст дамагаецца, каб суд прызнаў дзеяньні вайскоўцаў і вайсковых мэдыкаў незаконнымі.
Суд дапытаў вайсковых мэдыкаў. Яны не далі адназначнага адказу, ці можна служыць у войску з падвышаным ціскам, як у Франка.
Мэдыкі таксама адказалі, чаму ад хлопца ўтойвалі вынікі абсьледаваньня.
Прадстаўнік вайсковага шпіталя сказаў, што хлопец хацеў іх сфатаграфаваць. І гэта вельмі зьдзівіла вайскоўцаў.
Франак паведаміў суду акалічнасьці ягонага гвалтоўнага затрыманьня 16 студзеня.
Хлопца затрымалі людзі ў цывільным у палаце вайсковага шпіталя, дзе ён праходзіў мэдычнае абсьледаваньне. Яго прывезьлі ў ваенкамат і там паведамілі, што праз паўгадзіны адвязуць у вайсковую частку. Тады Франак падаў заяву на дзеяньні вайскоўцаў у суд, і той прыпыніў да разгляду справы прызыў Франка ў войска.
Суд Савецкага раёну Менску прыпыніў дзеяньне рашэньня ваенкамату да таго часу, пакуль ня будзе рашэньня па скарзе.
Аднак 30 студзеня хлопца затрымалі на вуліцы міліцыянты, якімі камандавалі людзі ў цывільным. Яго кінулі ў машыну і адвезьлі ў ваенкамат. Там хлопцу нанесьлі некалькі ўдараў па твары і галаве. Гэта засьведчыла судова-мэдычная экспэртыза.
Вайскоўцы назіралі за дзеяньнямі людзей у цывільным, але ня ўмешваліся.
Адразу з ваенкамату Франка адвезьлі ў вайсковую частку ў Баранавічах.
7 лютага ён прыняў прысягу.
З вайсковай часткі ў Мазыры, куды Франка накіравалі былі служыць, яго адвезьлі ў баранавіцкі вайсковы шпіталь з-за праблемаў зь ціскам.