Судовыя інстанцыі і пракуратура пачалі даваць адказы ў справе гвалтоўна затрыманых і адвезеных у войска маладых апазыцыянэраў Франака Вячоркі, Івана Шылы і Зьмітра Хведарука.
Нагадаем, 30 студзеня Франака затрымалі на вуліцы міліцыянты, якімі камандавалі людзі ў цывільным. Івана і Зьмітра затрымалі дома. Актывістаў забралі ў войска без адпаведнага мэдычнага абсьледаваньня.
Бацькі Зьмітра Хведарука атрымалі адказ з пракуратуры Першамайскага раёну Менску. Яны скардзіліся на дзеяньні міліцыянтаў і вайскоўцаў. 30 студзеня Зьмітра затрымалі дома афіцэры міліцыі Першамайскага раёну, якімі камандавалі людзі ў цывільным. У міліцыі Зьмітру паведамілі, што ён мусіць адседзець 10 сутак арышту за ўдзел у вулічнай акцыі 1 траўня мінулага году.
Але праз двое сутак хлопца забралі канваіры і адвезьлі ў паліклініку. Там яму мэдыкі хутка напісалі даведку, што ён прыдатны да службы ў войску. Зьмітра адвезьлі на ноч у турму, а на наступны дзень – у вайсковую частку ў Жодзіна.
Менавіта там пасьля прыняцьця прысягі мэдыкі далі хлопцу накіраваньне на апэрацыю ў рэспубліканскі шпіталь.
Бацькі Зьмітра падалі скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеяньні міліцыі і вайскоўцаў. Яны спыталі на якой падставе хлопца трымалі двое сутак у турме. Калі ён, сапраўды, мусіць адбыць 10 сутак арышту, то чаму міліцыянты не выканалі пастановы суду і самавольна вызвалілі Зьмітра датэрмінова? Адказ пракурора абурыў бацькоў.
Гаворыць маці Зьмітра Ірына Хведарук:
“Тое, што супрацоўнікі РУУС перад Сашыным носам трэсьлі нейкай паперай і казалі, што “вось па вашым сыне ёсьць судовая пастанова”, то аказваецца ніякай пастановы не было. Проста так узялі і накіравалі ў турму. А пракурор Першамайскага раёну лічыць такія дзеяньні з боку Першамайскага РУУС нязначным парушэньнем заканадаўства.
Вось я б хацела паглядзець, як міліцыянты Першамайскага РУУС затрымалі б пракурора Першамайскага раёну і хаця б на два дні накіравалі яго ў сьмярдзючую камэру на Акрэсьціна, а пасьля гэтага пракурор гораду назваў бы гэта нязначным парушэньнем заканадаўства”.
У частцы, дзе служыць Іван Шыла пад Лепелем абвешчаны карантын. Калі мінулы раз у частцы быў грып, то цяпер прычынай карантыну стала вятранка. Тым часам бацька Івана атрымаў адказ на скаргу з вайсковай пракуратуры.
Гаворыць Уладзімер Шыла:
“Справу мусілі накіраваць у вайсковы суд. Я туды накіраваў хадайніцтва, каб прыпынілі гэтую справу. Я маю на ўвазе рашэньне Салігорскага ваенкамата. Сёньня раніцай я атрымаў адказ, дзе яны мне пішуць: “Зьвяртайцеся са скаргай у суд па месцы знаходжаньня інстанцыі, дзеяньні якой вы абскарджваеце”. Я ж лічыў, што справа ў іх, у вайсковым судзе, а яны мне сваіх адказам сьведчаць, што нічога пра гэтую справу й ня ведаюць”.
Карантын скончыцца 7 траўня. Калі Івана не накіруюць у нарад, то зь ім змогуць сустрэцца сваякі і сябры.
Франак Вячорка ізаляваны ад сваякоў і сяброў, бо ў мазырскай частцы таксама абвясьцілі карантын і адзіны таксафон на КПП, якім маглі карыстацца салдаты, знаходзіцца ў рамонце. Бацька Франка Вінцук Вячорка ведае, што з-за праблемаў са здароўем, ягоны сын яшчэ не адбываў пазачарговы нарад, якім яго пакаралі за публікацыю прыватнага дзёньніка ў Жывым журнале franak.livejournal.com.
“Вымушаныя былі адмяніць, бо фэльдшар памерала ціск. Ціск быў 170 на 110, таму му ці то адмянілі, ці то перанесьлі карны нарад. Наагул, я спадзяюся, што пра нарады не ідзе гаворка. Аднак вымовы вынесьлі.
Абвясьцілі карантын да 2 красавіка і такім чынам у мяне прамога кантакту з Франкам няма апошнімі днямі”.
Скаргу на дзеяньні вайскоўцаў і мэдыкаў у справе Франка Вячоркі будуць разглядаць 23 сакавіка ў менскім вайсковым гарнізонным судзе. Суд пачнецца ў 9.30.