Апытаньне “Свабоды”: “Што дасьць Беларусі ўдзел у праграме “Усходняе партнэрства”. Адказвалі жыхары Магілёва.
Спадар сталага веку: “Гэта будзе прасоўваць ня толькі прамысловасьць, але й людзей з гледзішча й культуры і адукацыі і ўсяго. Нельга адасабляцца ад Захаду, бо тыя краіны больш разьвіты. Трэба супрацоўнічаць”.
Спадар: “Разьвіцьцё гандлёвых адносінаў. Адмена пошлінаў і мытных працэдураў. Ну й безумоўна паступленьне новых тавараў на рынак, тым больш, што ад гэтага ва ўмовах крызісу нам будзе лепш”.
Спадарыня: “Інвэстыцыі, гэта можа быць палепшыцца гандаль і культурныя сувязі. Гэта дужа правільнае рашэньне, калі мы будзем партнэрамі з Эўразьвязам. У ізаляцыі ніхто ня можа жыць – гэта адназначна”.
Спадар: “Гэта збыт тавараў у Эўрапейскія краіны, бо ў разрэзе гэтага эканамічнага крызісу вельмі цяжкі збыт. А калі будзе збыт, то будзе працоўнае месца для кожнага жыхара. Мабыць і кошт Шэнгенскай візы будзе не такім высокім”.
Спадарыня: “Галоўнае, каб нас свабодна выпускалі на мяжы. Як нам напрыклад трэба аформіць тую ж паездку ў Вільню. Гэта такая праблема. Гэта дорага. Колькі разоў трэба зьезьдзіць у Менску – два, ці тры разы. Гэта ж вар’яцтва. Я лічу на мяжы заплаці гэтыя дваццаць даляраў, ці колькі і едзь”.
Спадар: “Эўропа павінна быць адзінай. Бязь межаў, каб людзі свабодна перасоўваліся. І сябравалі. А так эканамічнай карысьці пакуль я ня бачу”.
Спадар: “Там значна больш высокія патрабаваньні. Ад гэтага мы таксама можам выйграць. У нас будзе лепш усё, тэхніка… Адпаведна будзе паляпшацца ўмовы жыцьця. Будзе зацікаўленасьць працаваць лепей і выпускаць лепшы тавар”.
Спадар: “Беларусы стануць больш езьдзіць. Да нас стануць болей прыяжджаць. Думаць жа, што адразу ж вырашацца ўсе эканамічныя праблемы думаю, што гэта ня правільна. Мне здаецца, што гэта дужа далёкая пэрспэктыва”.
Юнак: “Можа нам Эўропа дапаможа з крызісам справіцца. Усё ж такі там рынак нашай прадукцыі лішняй. Тым больш у Эўрапейцаў можна шмат чаму навучыцца”.
Спадар: “Хоць дасьць магчымасьць крэдыты атрымліваць на выгадных умовах. Зьменшацца пошліны, падаткі, за якія мы цяпер плацім больш за ўсіх. Турызм, візы ўсё гэта спрасьціцца”.