Унікальны агрэгат на “Працы” — бяз працы

Гомельскае абутковае прадпрыемства “Праца” скараціла на адну гадзіну працягласьць працоўнага дня.

Гаворыць адна з работніц фабрыкі:

“Сямігадзінны працоўны дзень у нас. Гадзіну кожны дзень у нас аднімаюць. Таму сярэдні заробак у тых, хто працуе ў цэхах, зьменшыўся да 300, 350 ці 400 тысяч рублёў”.

Спэцабутак для МАЗа і “Беларускалію” не вырабляецца ад пачатку году.
У Гомелі на сёньня дваццаць прадпрыемстваў перайшлі на чатырохдзённы працоўны тыдзень. Абутнікі ж толькі скарацілі працягласьць працоўнага дня. Прычыны тлумачыць прадстаўнік адміністрацыі:

“Каб не вырабляць абутак на склад, а працаваць на падставе заказаў, мы й вымушаныя былі перайсьці на скарочаны працоўны дзень. Нядаўна прайшла тэндэрная кампанія — мы безь яе ня ведалі, што рабіць. Дробныя й сярэднія заказы выконвалі, а вялікія — для Менскага трактарнага заводу, «Беларуськалію» — атрымліваем праз тэндэры. І вось толькі зараз пакуем пакет замоваў. Плянуем вярнуць людзей ня толькі да васьмігадзіннага працоўнага дня, але й на нейкі час увесьці дзьвюхзьменную працу”.

Суразмоўца зазначае, што на рытмічнасьць працы адмоўна ўплываюць несвоечасовыя разьлікі:

“Вялікія праблемы з разьлікамі за вырабленую прадукцыю. Адсюль узьнікае нерытмічнасьць паставак сыравіны й матэрыялаў. І даводзіцца манэўраваць у вытворчасьці, каб своечасова выконваць заказы, якія мы атрымліваем”.

“Праца” — найбольш вядомае ў краіне прадпрыемства, якое вырабляе берцы, вайсковы, рабочы, а таксама спэцыяльны абутак. Яшчэ напрыканцы 2007 году тут набылі італьянскае абсталяваньне, на якім можна вырабляць найбольш прыдатны й мадэрновы абутак для войска й беларускіх прадпрыемстваў. Аднак заказчыкі сюды ня кінуліся. І дарма — так лічыць супрацоўніца адміністрацыі:

“Такі агрэгат у Беларусі — толькі на фабрыцы «Праца». Абутак сучаснага дызайну — трывалы, носкі. Нага сябе адчувае ў такім абутку камфортна. Для салдат можна зрабіць абутак на абцасіку, каб яны цокалі на пляцы. Мы цяпер новую прэсформу замовілі — хочам прапанаваць вайскоўцам боты на падвышаным абцасіку. Словам, працуем, на месцы не стаім. Трэба ж з крызісу выходзіць!”