Лідэр “Руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч знаходзіцца сёньня ў Брусэлі, дзе а 13-й гадзіне менскага часу пачынаецца саміт Эўрапейскай народнай партыі.
Яна складацца з правацэнтрыскіх і хрысьціянска-дэмакратычных партыяў і мае найбуйнейшую фракцыю ў Эўрапарлямэнце. У форуме ўдзельнічаюць такія вядомыя палітыкі як Ангела Мэркель, Нікаля Сарказі, Мануэль Бароза ды іншыя. “Народнікі” хочуць яшчэ раз зьверыць свае пазыцыі перад паседжаньнем Рады Эўразьвязу, якое сёньня пачынаецца таксама ў сталіцы Бэльгіі.
Аляксандар Мілінкевіч паведаміў “Свабодзе”: “Я буду казаць пра тое, што Беларусі трэба пакінуць шанец далучыцца да праграмы “Усходняе партнэрства”. Але пры абавязковай умове далейшых крокаў у кірунку рэальнай дэмакратызацыі”.