Ешце беларускае!

Беларускі ўрад плянуе працягнуць да канца красавіка тэрмін дзеяньня падвышаных сэзонных мытных ставак на імпартаваныя ў Беларусь цыбулю, капусту, моркву, буракі, а памеры ставак зафіксаваць на ўзроўні 30% мытнага кошту, паведамляе нямецкі Fruchtportal — вядучы інтэрнэт-партал, які інфармуе пра сытуацыю на ўсясьветным рынку садавіны і гародніны.

Беларускія ўлады тлумачаць рашэньне тым, што працяг тэрміну дзеяньня падвышаных мытных ставак абароніць інтарэсы беларускіх вытворцаў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, на 25 лютага на складах Беларусі захоўвалася 54,3 тысячы тон айчыннай садавіны і гародніны. У тым ліку — 20,4 тысячы тоны цыбулі, 16 тысяч тон капусты, 9,6 тысяч тон морквы, 8,2 тысячы тоны буракоў.

У адпаведнасьці з прэзыдэнцкім указам № 523 сэзонныя мытныя стаўкі на ўвоз сельгаспрадукцыі былі вызначаныя да 1 сакавіка 2009 году. У прыватнасьці, на цыбулю — у памеры 180% ад мытнага кошту тавару, на буракі — у памеры 150%, моркву — 120%, капусту — 75%.

Паводле афіцыйных дадзеных, надрукаваных у беларускіх мэдыях, у параўнаньні зь мінулым годам беларусы сёлета ў студзені заплацілі грошай за гародніну на 23,2% болей, а за садавіну — на 15,1%. Тым часам для расейцаў садавіна і гародніна падаражэлі ў сярэднім на 4—4,5%. Беларускія чыноўнікі тлумачаць рост цэнаў аднамомантнай дэвальвацыяй беларускага рубля.