Галіньскі: “Вучні Алаха як настаўнікі беларускага рэжыму”

Цэзары Галіньскі

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – польскі журналіст Цэзары Галіньскі. Сёньня ён дзеліцца сваімі ўражаньнямі пра выдаткі і пэрспэктывы перамоўнага працэсу Беларусі з захадам.

– Ня вельмі хочацца далучацца да абмеркаваньня самай актуальнай тэмы апошніх дзён – то бок працягу Эўразьвязам прыпыненьня візавых санкцыяў супраць Лукашэнкі і ягоных памагатых. Тым больш, тэму пракамэнтавалі напэўна ўжо ўсе, каму гэта было не лянотна. Таму прапаную паразважаць на тэму больш экзатычную – пра аўганскіх ды пакістанскіх талібаў.

Цэзары Галіньскі. Сёлета ў верасьні яму 40 гадоў.

Зь іх амаль траціну аддаў працы карэспандэнтам “Газэты выборчай” ў Беларусі а таксама супрацоўнікам польскай службы Бі-Бі-Сі і Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода.

Перадаваць свае матэрыялы ў заходні друк Цэзар пачаў ад 1991 году. Спадар Галіньскі супрацоўнічаў тады і зь незалежнымі беларускімі СМІ — газэтай “Свабода”, гродзенскай “Біржай інфармацыі”. Цяпер жыве ў Беластоку, а працуе там і ў Варшаве, на тэлеканале Белсат. Таму добра ведае, што адбываецца ў Менску, Горадні, Магілёве…


Чаму? А таму што, парадаксальна, мэтады дзейнасьці гэтых радыкальных вучняў Алаха сапраўды экзатычныя толькі на першы погляд – нават з пункту гледжаньня нібыта памяркоўных і талерантных жыхароў сінявокай Беларусі. Прынамсі некаторых зь іх.

Уся Польшча была нядаўна шакаваная брутальнасьцю і жорсткасьцю пакістанскай групоўкі талібаў, якая дэманстратыўна, перад аб’ектывам камэры забіла свайго закладніка – польскага інжынэра, які выпадкова апынуўся ў няправільным месцы і няправільным часе. Паляк загінуў, бо ў ягоных захопнікаў не атрымаўся гандаль з уладамі ў Ісламабадзе..

Гэтая трагічная смерць сталася нагодай для публічнай дыскусіі, ці маральна размаўляць з тэрарыстамі і ісьці на іхныя варункі. Цьвярозыя аналітыкі – у асноўным вайскоўцы – казалі: пагаджацца на ўмовы – неабавязкова, але размаўляць трэба. Каб уплываць на падзеі і спакушаць тэрарыстаў сваімі варункамі. Захочуць захопнікі палітычных саступак – прапанаваць ім грошы. Пагодзяцца на грошы – таргавацца наконт сумы. Галоўнае – таргавацца, бо такі падыход людзі Ўсходу разумеюць і паважаюць. А калі мэта будзе дасягнутая, – цынічна казалі вайсковыя спэцы – тэрарыстаў можна зьнішчыць, на тое яны і тэрарысты. Польскі кантынгент у Аўганістане рыхтуецца да помсты за сьмерць суайчыньніка...

Іншая прыкмета талібаў – пагарда ня толькі да чалавечага жыцьця, але да матэрыяльных дасягненьняў культуры і цывілізацыі. Культуры для іх чужой, то бок – варожай. Сусьветна вядомы прыклад – барбарскае зьнішчэньне манумэнтальнай статуі Буды у аўганскім горадзе Баміян у 2001 годзе.

З тэрарыстамі справа ясная. Але што рабіць, калі ў цэнтры Эўропы бессаромна руйнуюцца пэрліны эўрапейскай культуры – замкі, палацы і старажытныя цэнтры гарадоў? Сьведкі гісторыі, але гісторыі чужой для цяперашніх пануючых элітаў, якія на іх месцы будуюць свае ўласныя сьвятыні – кшталту лядовых палацаў. А што рабіць, калі тая самая дзяржава бярэ чарговых закладнікаў і амаль непрыхаваным спосабам спрабуе гандляваць жыцьцём і свабодай сваіх палонных?

Тэрарызм цяпер стаў сусьветным ворагам нумар адзін. У часы сапраўдных замахаў непакояць нават “замашкі”, але ў адносінах да гэтых другіх цывілізаваная Эўропа пакуль не знайшла і наўрад ці знойдзе лепшае выйсьце, чым перамовы. І тут ідзе амаль нічым не прыхаваны гандаль – свабода за крэдыты і палітычныя саступкі.

Аднак часам сапраўдны рахунак, які прыходзіцца заплаціць удзельнікам такога гандлю, можа стаць вядомы значна пазьней. Тыя ж палякі, якія 20 гадоў таму вытаргавалі ў камуністаў за “круглым сталом” адносна свабодныя выбары, а ў выніку дэмакратычную краіну, не дазволілі адпачыць спакойна на пэнсіі аўтарам ваеннага становішча. Старыя і зьнямоглыя генэралы Ярузэльскі і Кішчак дагэтуль цягаюцца па судах і ня маюць упэўненасці, ці апошніх дзён свайго жыцця не правядуць за кратамі.

Няхай гэта будзе перасьцярогай іншым. Лічыць дывідэнды яшчэ рана.