— Раніцай за вакном сьнег з дажджом, але вясна ўсё бліжэй. Беластоцкая прэса неяк зноў вярнулася да адной з улюбёных сэзонных тэмаў — пэрспэктывы пабудовы аэрапорту, які сучасным чынам урэшце рэшт спалучыў бы сталіцу Падляшша ня толькі з астатняй Польшчай, але і з Эўропай, ды з усім больш цывілізаваным сьветам.
Цэзары Галіньскі. Сёлета ў верасьні яму 40 гадоў. Зь іх амаль траціну аддаў працы карэспандэнтам “Газэты выборчай” ў Беларусі а таксама супрацоўнікам польскай службы Бі-Бі-Сі і Радыё Свабодная Эўропа /Радыё Свабода. Перадаваць свае матэрыялы ў заходні друк Цэзар пачаў ад 1991 году. Спадар Галіньскі супрацоўнічаў тады і зь незалежнымі беларускімі СМІ — газэтай “Свабода”, гродзенскай “Біржай інфармацыі”. Цяпер жыве ў Беластоку, а працуе там і ў Варшаве, на тэлеканале Белсат. Таму добра ведае, што адбываецца ў Менску, Горадні, Магілёве… |
Гарады Заходняе Эўропы ды ЗША даўно сталі амаль другой радзімай для працавітых, ды ня вельмі патрабавальных жыхароў рэгіёну. Калі ўлетку трэба было мне ўзяцца за рамонт кватэры, на працу наняў двух маладых хлопцаў. У якасьці рэкамендацыяў адзін сказаў, што раней рабіў менавіта ў Бэльгіі, а другі — пасьпеў папрацаваць на некалькіх будоўлях ў Амэрыцы.
Такім вось чынам Беласточчына ўжо на працягу дзесяцігодзьдзяў інтэгруецца з Захадам. Без асаблівых указаньняў і дапамогі з Эўразьвяу. Праўда, апошнім часам каля гандлёвых цэнтраў сустрэнеш больш машын з ангельскімі ды ірляндзкімі нумарнымі знакамі. Больш дарэчы, чым знакамітых калісьці бэнзавозаў — «фолксвагенаў-пасатаў» з Горадні.
Пакуль жа шлях зь Беластоку ў вялікі сьвет вядзе, як і раней, — на машыне альбо цягніку праз Варшаву і міжнародны аэрапорт Акэнце. Пра ўласнае, рэгіянальнае ВАКЕНЦА ў сьвет можна толькі марыць, бо там, дзе вялікія праекты, там вялікія грошы — і як след — вялікая (хаця і на правінцыйным узроўні) палітыка. Кожны год увесну пачынаюцца тыя самыя спрэчкі наконт варыянтаў лякалізацыі, коштаў і супярэчлівых меркаванняў экспэртаў.
Паціху пачынаеш зайздросьціць жыхарам іншых гарадоў. Нават ня Познані, Катовіцаў, Уроцлава ці Гданьску, якія маюць уласныя аэарапорты. Зайздросьціш жыхарам Шчэціна і Гожава Велькапольскага, бо ім таксама ня трэба ехаць у Варшаву. Бліжэй Бэрлін…
Але мне Бэрлін непатрэбны. Жыхарам заходняга і паўднёвага памежжа Польшчы зайздрошчу толькі ў адным. Што яны сапраўды жыхары памежжа. Што ніхто і нішто не замінае ім хадзіць на піва ў чэскую частку гораду Цешын ды набываць дамы і кватэры ва ўсходняй частцы былой ГДР, бо яны там таньнейшыя і на працы ў Польшчу яшчэ адтуль адносна недалёка.
Для нас гэта пакуль што фантастыка. У параўнаньні з гэтым нашае польска-беларускае памежжа падаецца як мінімум калекам, а Беласточчына, адрэзаная ад Гарадзеншчыны (і наадварот) — штучным, непаўнаякасным арганізмам.
Можа, гэта залішні аптымізм, але хочацца верыць: усё стане на свае месцы. Таму што, проста, павінна стаць. У Горадні ёсьць пакупнікі, а ў Беластоку — прадаўцы і тавар. У Беластоку ёсьць пасажыры, а каля Горадні — вялікі, цяпер амаль нікому непатрэбны аэрапорт. Такіх прыкладаў мноства, у кожнага свае.
Не рэальна? На нашай памяці адбываліся не такія падзеі. Хто, напрыклад, яшчэ мог ня так даўно падумаць, што іншы амаль суседні і “советский город Вильнюс” (адмыслова не кажу “Вільня”) стане сталіцай дзяржавы — чальца НАТО і Эўразьвязу? А ў адсутнасьць беларусаў, пры наяўнасьці слабога злотага і адкрытай мяжы, штурмаваць беластоцкія гіпэрмаркеты ў пошуках таннага мяса і будматэрыялаў будуць цяпер літоўцы.
Таму, вяртаючыся да паветранай тэмы, ды ўлічваючы апэратыўнасьць і здольнасьці ўладароў беластоцкага “мэгаполісу”, я рэальна не выключаю, што пакуль буду чакаць аэрапорту на свойскіх Крыўлянах ці Тапалянах, аднойчы паеду бяз візы за мяжу, каб у сувязі зь летнім адпачынкам набыць квіток на рэйс “Горадня-Абухава — Хургада”.
Не рэальна? Крыху больш аптымізму! Вясна ж за вакном! Хто ведае, можа гэта ўжо наша з вамі вясна…