Полацкія чальцы Свабоднага прафсаюзу правялі пікет супраць звальненьня апэратара кацельні Уладзімера Губскага. На думку прафсаюзных актывістаў, кіраўніцтва ЖКГ адмовілася працягнуць зь ім працоўны кантракт з палітычных меркаваньняў.
Паводле намесьніка старшыні суполкі Свабоднага прафсаюзу Міколы Шараха, пікет у абарону працоўных правоў спадара Губскага быў дазволены гарадзкімі ўладамі. Але ўзброеныя аўтаматамі міліцыянты, якія зьявіліся на пляцоўцы каля кінатэатра “Радзіма”, дзе праходзіў пікет, спрабавалі выказваць прэтэнзіі да арганізатараў. І нават пасьля таго, як чальцы прафсаюзу паказалі адпаведны ліст з гарвыканкаму, супрацоўнікі міліцыі не разышліся, а шчыльным колам атачылі пікетоўцаў і прастаялі так больш за гадзіну — ад 5-й вечара да сканчэньня пікету.
Мясцовы лідэр Свабоднага прафсаюзу Мікола Шарах заўважыў, што плякаты з патрабаваньнем аднавіць на працы Уладзімера Губскага прыцягнулі ўвагу іншых супрацоўнікаў ЖКГ, якія па сканчэньні працоўнага дня сабраліся на другім баку вуліцы:
“Яны ўсе стаялі на вуліцы, чалавек 15-20, тычыўся пікет іхнага начальніка ды іхнага работніка, і яны хацелі падысьці, але не змаглі. Вакол нас стаяла міліцыя, і ў іх, мабыць, было ўражаньне, што нас тут вартуюць. Я прасіў міліцыянтаў: “Вы ж хоць убок адыйдзіцеся”. Кажуць: “Не, мы тут будзем стаяць, гэта наш абавязак”.
Самога Уладзімера Губскага на пікеце не было: да 21-га сакавіка ён мусіць адпрацаваць у кацельні апошнія дні. Дарэчы, ён адзіны ў горадзе працаўнік падобнай установы, які мае вышэйшую адукацыю.
Гісторыя ягонага звальненьня набыла шырокі рэзананс у горадзе: незадавальненьне з боку непасрэднага кіраўніцтва ён адчуў яшчэ паўгода таму, калі ў ліпені 2008 году падаў заяўку на пікет за вяртаньне вуліцам Полацку гістарычных назваў. Аматар гісторыі і краязнаўца, удзельнік шматлікіх археалягічных раскопак пэўны, што прычынай непрацягу кантракту сталася ягоная грамадзкая дзейнасьць. І ня толькі на культурніцкай глебе: нядаўна ён дамогся, каб прадпрыемства сплаціла яму кампэнсацыю за нявыданы ў час працоўны абутак. І цяпер кіраўніцтва аддзелу ЖКГ занепакоенае, што ягоны прыклад скарыстаюць іншыя работнікі.
На пікет, дзе актывісты Свабоднага прафсаюзу зьбіралі подпісы за звальненьне дырэктара Полацкага аддзелу ЖКГ Уладзімера Шадзько, які адмовіў спадару Губскаму ў працаўладкаваньні, прыйшоў начальнік ідэалягічнага аддзелу гэтай структуры Сяргей Капітан. Паводле арганізатара акцыі Міколы Шараха, чыноўніка дужа цікавіла, хто падпісаўся пад гэтым пажаданьнем:
“Паглядзеў нашы плякаты, нашы ўлёткі. Больш як дзясятак подпісаў за адстаўку дырэктара ЖКГ паставілі мясцовыя жыхары, і яго вельмі цікавіла, што там за прозьвішчы. Потым ён сказаў, што мы не дачакаемся, каб звольнілі дырэктара ЖКГ”.
Уладзімер Губскі таксама не чакае, што пасьля пікету да яго зьменіцца стаўленьне начальства. Але ён ды ягоныя паплечнікі лічаць неабходным як мага больш шырока паведаміць пра гэты выпадак землякам. Таму актывісты Свабоднага прафсаюзу і моладзь са стваранай партыі БХД раздавалі мінакам улёткі і бюлетэнь “Стекляшка”, які выпускае суполка Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства “Шкловалакно”, да якой колькі год таму далучыўся і Уладзімер Губскі. Заўтра ў Полацку адбудзецца наступны пікет супраць ягонага звальненьня.