Перамагла пазыцыя Парыжу і Бэрліну

Рада міністраў замежных справаў Эўразьвязу прыняла рашэньне наконт візавых санкцыяў адносна вышэйшых урадоўцаў Беларусі. Рашэньне дваістае: з аднаго боку, санкцыі фармальна працягнулі яшчэ на год, але разам з тым на 9 месяцаў працягнулі і прыпыненьне гэтых самых санкцый? Чаму было прынятае менавіта такое рашэньне, якія іншыя прапановы выказваліся і чаму яны не перамаглі? Разважаюць аналітыкі Юры Дракахруст і Валер Карбалевіч.

Дракахруст:
Спрацавала некалькі чыньнікаў: расчараваньне Эўропы ў 13-гадовай палітыцы абмежаваньня беларускай улады. Можна было і вярнуць санкцыі, але зь якой палітычнай мэтай? У спадзеве, што Лукашэнка нарэшце пойдзе на саступкі пад ціскам? А якія падставы на гэта спадзявацца?

Другі момант – зьмена геапалітычнай сытуацыі ў рэгіёне: пасьля вайны Расеі ў Грузіі стан правоў чалавека ў іх адышоў для Эўропы на другі плян у параўнаньні з пытаньнем іх здольнасьці супрацьстаяць ціску Масквы.
Юры Дракахруст

Ну і, нарэшце, некаторыя крокі ў бок лібэралізацыі Менск за паўгода выпрабавальнага тэрміну ўсё ж зрабіў. Крокі, шчыра скажам, сьціплыя, але раней не было і гэтага.

Што да пазыцыяў асобных краінаў, то, напрыклад, Францыя і Нямеччына заявілі, што беларускія ўлады зрабілі дастаткова крокаў насустрач Эўропе, каб прыпыненьне працягнуць аўтаматычна, без дыскусіі. Швэцыя, Польшча, Вялікабрытанія і Літва лічылі, што прыпыненьне санкцый трэба працягнуць, але адначасова паставіць юрыдычную ўмову аб тым, што санкцыі ўзновяцца, калі рэжым пачне паводзіць сабе, як раней. А Нідэрлянды хацелі, каб санкцыі былі адноўленыя ўжо цяпер. У выніку перамогу атрымала меркаваньне Парыжу і Бэрліну.

Карэспандэнт: Шэраг апазыцыйных сілаў выказалі рэзкае незадавальненьне рашэньнем Эўразьвязу. У прыватнасьці, старшыня партыі БНФ Лявон Баршчэўскі назваў яго недальнабачным і памылковым, ён мяркуе, што “вінаватыя ў рэпрэсіях атрымалі чарговую індульгенцыю з боку эўрапейскіх палітычных структураў”, – паводле яго, у працягу замарожваньня санкцыяў няма “ні прыкметаў ужываньня маральных крытэраў, ні простага палітычнага прагматызму”. Чаму кіраўнікі МЗС краінаў Зьвязу не прыслухаліся да падобных меркаваньняў?

Карбалевіч: Ужываньне маральных крытэраў да палітычных працэсаў, асабліва міждзяржаўных дачыненьняў – справа вельмі дыскусійная. А вось пра палітычны прагматызм можна пагаварыць.
Валер Карбалевіч

Чаго хоча апазыцыя, у прыватнасьці, сп.Баршчэўскі? Аднаўленьня санкцыяў? Гэта азначае прыпыненьне дыялёгу з ЭЗ, вяртаньне да сытуацыі паўгадовай даўніны. І што далей? Гэта наблізіць Беларусь да Эўропы, пра што марыць БНФ? Гэта хутчэй наблізіць Беларусь да Расеі, а ўнутры краіны прывядзе да ўзмацненьня рэпрэсій супраць апазыцыі. Шчыра кажучы, лёгіка не зусім зразумелая.

Падаецца, апазыцыя спазьнілася на паўгода. ЭЗ памяняў сваю стратэгію. Цяпер, я згодзен, на першым пляне ў палітыцы ЭЗ не правы чалавека, а геапалітыка.

Карэспандэнт: 19-20 сакавіка на саміце Эўразьвязу будзе разглядацца пытаньне, ці рабіць наступны крок насустрач Беларусі, ці запрашаць яе ва Ўсходняе партнэрства разам з Армэніяй, Азэрбайджанам, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай і адпаведна – ці запрашаць Аляксандра Лукашэнку на саміт гэтага самага партнэрства ў Прагу? Ваш прагноз – якое рашэньне будзе прынятае па гэтых пытаньнях?

Дракахруст: Я мяркую, што самы малаімаверны варыянт – адмова. І з агульных меркаваньняў, і з таго чыньніка, што за дзень да саміту ЭЗ у Азэрбайджане, які ў партнэрства запрошаны, адбудзецца рэфэрэндум, які дасьць Ільхаму Аліеву магчымасьць абірацца прэзыдэнтам неабмежаваную колькасьць разоў. Адмовіць Беларусі на тле такіх падзеяў у запрошаным Азэрбайджане будзе неяк непрыгожа з пункту гледжаньня тых самых маральных каштоўнасьцяў.

Ну, і ўсе тыя фактары адносна Беларусі, пра якія я ўжо казаў, будуць дзейнічаць і на саміце Эўразьвязу. Запрашэньне ў партнэрства – гэта ж не мэдаль выдатніку дэмакратызацыі, якой Лукашэнка сапраўды не заслугоўвае. Гэта інструмэнт пашырэньня эўрапейскага ўплыву на Ўсход.

Ёсьць шанец, што рашэньне – запрашаць ці не запрашаць – будзе адкладзенае. Але саміт партнэрства ў Празе – у траўні. Каб запрасіць Беларусь – трэба ізноў зьбірацца ўсім лідэрам Зьвязу. Так што хутчэй за ўсё, да канца тыдня Беларусь будзе запрошаная ў партнэрства. Наконт запрашэньня Лукашэнкі – ня факт. Магчыма, яму мякка параяць усё ж даслаць у Прагу замест сябе менш калярытнага прадстаўніка беларускай ўлады. А магчыма, ён і сам прыйдзе да высновы, што так і лепш будзе, каб надта не раздражняць усходняга саюзьніка.

Карбалевіч: Пытаньне пра ўлучэньне Беларусі ў праграму “Ўсходняе партнэрства” і пытаньне пра запрашэньне Лукашэнкі ў Прагу – гэта розныя рэчы.

Зноў згодзен зь Юрам, што пытаньне пра ўдзел Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства” амаль прадвызначанае. Бо сама ідэя вылучэньня гэтай праграмы заснаваная на геапалітычных матывах, імкненьні да канкурэнцыі з Расеяй за уплыў на Ўсходнюю Эўропу і Закаўказьзе. Усе астатнія праблемы адыходзяць на другі плян.

А вось што тычыцца запрашэньня Лукашэнкі ў Прагу, то тут ёсьць месца і час для палітычнага гандлю. Тут магчымыя варыянты.