У Брусэлі ўсплёскваюць рукамі: пасьля месяца беспрэцэдэнтнага збліжэньня паміж Беларусьсю і Эўропай, калі ў Менску практычна кожны тыдзень знаходзіліся прадстаўнікі ўсіх ключавых эўрапейскіх арганізацый, прэзыдэнт Лукашэнка скасоўвае кульмінацыю працэсу – візыт камісара ЭЗ Беніты Фэрэры-Вальднэр за суткі да яго пачатку і накіроўваецца ў Армэнію – істотна менш значную эканамічна і палітычна для Беларусі.
У Масквы ў Беларусі інтарэсы эканамічныя
Эўрапейскім дыпляматам дастаткова было б паразмаўляць з крамлёўскімі калегамі, каб спыніць зьдзіўленьне раптоўным паваротам беларускага прэзыдэнта. У Масквы ў Беларусі інтарэсы эканамічныя, а не палітычныя, але стратэгія перамоваў грунтуецца на прынцыпе даваньня дапамогі ў абмен на жорсткія ўмовы. Але пры ўсёй меркаванай залежнасьці Менску ад Масквы Крэмль атрымлівае несувымерна менш укладзеным высілкам і сродкам.
Больш за 10 гадоў Масква змагалася за кантроль над “Белтрансгазам”, да якога дагэтуль атрымала толькі частковы доступ. Фармаваньне адзінай паветранай абарончай прасторы – другі ключавы элемэнт расейскага ціску – больш за 8 гадоў пасьпяхова сабатуецца Беларусьсю, зараз на практычным узроўні. Расейскія кампаніі ня толькі ня здолелі набыць беларускія эканамічныя актывы en masse, як імкнуліся, але знайшлі беларускі рынак закрытым для шэрагу тавараў і інвэстыцый, ня гледзячы на існаваньне мытнага саюзу. І ўсё гэта – нягледзячы на выстаўленьне Масквой жорсткіх, зразумелых і дакладных умоваў для усіх відаў дапамогі, якія, больш таго, беларускі бок клятвенна і ўрачыста прымаў, каб ня выканаць чарговы раз, спасылаючыся на безьліч прычынаў.
Пацяпленьне стасункаў з ЭЗ пасьля дзесяцігодзьдзя “ледніковага пэрыяду” адбывалася паводле падобнага сцэнару, але больш мяккага з боку Эўропы і таму больш выніковага для яе. Лукашэнка вызваліў палітычных вязьняў, падпісаўся на праграму антыкрызісных эканамічных рэформаў МВФ, узяў на сябе адказнасьць за дэвальвацыю беларускага рубля і зьмякчыў умовы для свабоды слова і арганізацый.
Больш плённа было б гуляць з Лукашэнкам у паддаўкі
Адмовы ад сустрэчы з камісарам ЭЗ – усяго толькі ход ў гульні, якую вынайшаў і па-майстэрску выконвае беларускі прэзыдэнт. Лукашэнка паказвае, хто ў доме гаспадар. Лукашэнка ўзьнёс ідэю беларускай незалежнасьці і сувэрэнітэту ў абсалют і на тым стаіць. Галоўная палітычная задача сучаснай Беларусі – захаваць сувэрэнітэт, а значыць – не асацыявацца зь ні водным усясьветным лідэрам на Захадзе ці на Ўсходзе. Любое патрабаваньне зь іх боку трактуецца як пагроза сувэрэнітэту і ў выніку адкідаецца. Узаемадзеяньне магчымае для эканамічнага выжываньня, але пры гэтым беларускі прэзыдэнт заўсёды павінен выглядаць гаспадаром становішча.
Выстаўленьне кіраўніцтву Беларусі умоваў у такой сытуацыі беспэрспэктыўнае паводле
вызначэньня
вызначэньня
Калі ў ЭЗ ёсьць палітычная воля да збліжэньня зь Беларусьсю, найбольш разумнай уяўляецца тая стратэгія, у межах якой ЭЗ пагодзіцца прыняць выгляд пацярпелага боку і згубіць некаторыя пазыцыі, але пры гэтым будзе мякка спрыяць зьмене дзелавога і сацыяльнага заканадаўства без выразнага ўцісканьня інтарэсаў прэзыдэнта. Іншымі словамі, выніковай будзе палітыка пашырэньня “расколінаў у сьцяне”, якая дазволіць прэзыдэнту Лукашэнку захаваць прымальны для яго фасад. Гэта вельмі няпроста, бо беларускі прэзыдэнт – інтуітыўны, разумны і вопытны палітык, які ўмее трымаць уладу. Але пакуль Эўразьвязу ёсьць, чым яго зацікавіць, ён можа пасьпяхова весьці гэтую складаную гульню.
Хто ня хоча пахваліцца тым, што справіўся з Лукашэнкам?