Сёньня прадстаўнікі Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі пазнаёмілі журналістаў з антыкрызіснай плятформай АДС. Гэты дакумэнт перадаецца ва ўладныя структуры. Далейшыя дзеяньні дэмсілаў залежаць ад рэакцыі ўладаў.
СЛУХАЦЬ:
Намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч падкрэсьліў, што гэты дакумэнт — ня толькі прапанова для ўладаў. Гэта і патрабаваньне рашучых дзеяньняў:
“І калі яна ня выканае меры па дэмакратызацыі беларускага грамадзтва, то мы заяўляем, што ўлада ня здольная справіцца з сытуацыяй і павінна сысьці. У нас, і гэта было вызначана стратэгіяй на апошнім Кангрэсе дэмакратычных сілаў, у дачыненьнях з уладай двайны падыход: мы прапануем канструктыўнае выйсьце з эканамічнай і палітычнай сытуацыі. А калі ўлада не згаджаецца слухаць словы, мы павінны ажыцьцяўляць народны ціск на рэжым, каб ён сышоў”.
Сяргей Калякін, кіраўнік Партыі камуністаў Беларускай, адзначыў, што ўлады і дэмсілы па-рознаму ацэньваюць цяперашнюю сытуацыю ў краіне:
“Мы лічым, што крызіс у Рэспубліцы Беларусь пачаўся задоўга да таго, як надышоў усясьветны. І ўсясьветны крызіс толькі абцяжарыў наша становішча. А выкліканы наш крызіс неэфэктыўнай мадэльлю кіраваньня, неэфэктыўнай палітычнай сыстэмай, неэфэктыўнай сыстэмай гаспадараньня”.
Сяргей Калякін падкрэсьліў: прапановы дэмсілаў скіраваныя на тое, каб выхад з крызісу не рабіўся за кошт працоўных. Таму ў дакумэнце ёсьць шмат палажэньняў у падтрымку насельніцтва:
“У прыватнасьці, уводзіцца такая норма. Нават калі кантракт не ўзнаўляецца, чалавек павінен атрымаць выходную дапамогу, як пры скарачэньні. А такога сёньня няма. Кантракты вельмі кароткія, гадавыя, і можна вельмі проста рашыць праблему: кантракт не ўзнаўляецца — і чалавек застаецца сам-насам са сваімі праблемамі”.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што на гэтым супольная праца над дакумэнтам ня скончылася:
“Вельмі важна данесьці яго да ўсіх груп беларускага грамадзтва. І тут шмат працы. У нас ужо ёсьць дамоўленасьць зь некаторымі рэдакцыямі незалежных газэт — надрукаваць у іх цалкам ці часткова антыкрызісную плятформу. А таксама хочам арганізаваць “гарачыя лініі”, калі зь людзьмі наўпрост змогуць размаўляць эканамісты і палітыкі, якія распрацоўвалі антыкрызісную плятформу”.
У калектыве, які распрацоўваў плятформу, — эканамісты Станіслаў Багданкевіч, Павал Данэйка, Леанід Заіка, Міхась Залескі, Яраслаў Раманчук, Аляксандар Чубрык ды іншыя. Незалежныя экспэрты прапануюць амаль паўсотні магчымых варыянтаў, як аблягчыць наступствы крызісу.