У часе трохдзённага візыту ў Страсбур прадстаўнікі беларускай апазыцыі Анатоль Лябедзька і Аляксандар Казулін перадалі зварот кіраўніку зьнешняй палітыкі і бясьпекі Эўразьвязу Хавіеру Саляну, а таксама выступілі супраць запрашэньня А. Лукашэнкі на травеньскі саміт у Прагу.
Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і былы палітвязень Аляксандар Казулін знаходзяцца з трохдзённым візытам у Страсбуры на запрашэньне Эўрапейскага парлямэнту, дэпутаты якога хочуць пачуць іх пазыцыю, перш чым правесьці ў красавіку слуханьні па сытуацыі ў Беларусі і разгледзець праект рэзалюцыі.
Беларускія палітыкі ўжо сустрэліся з “Балтыйскай групай” Эўрапарлямэнту і кіраўніком дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю Яцэкам Пратасевічам, з прадстаўнікамі розных палітычных групаў. Яшчэ заплянаваныя сустрэчы з кіраўніком Эўрапарлямэнту Гансам-Гертам Пэтэрынгам і генэральным сакратаром Рады Эўропы Тэры Дэйвісам, — паведаміў “Свабодзе” Анатоль Лябедзька.
“У нас зараз ідуць вельмі актыўныя, інтэнсіўныя сустрэчы, і нашая з Аляксандрам выснова — у тым, што мы вельмі своечасова прыехалі ў Эўрапарлямэнт. Хоць кажуць, што многія ці ўсе амаль пытаньні вырашаныя, што паўсюль перад Лукашэнкам уключанае зялёнае сьвятло, мы ўсё-ткі спрабуем давесьці, што гэта ня так”.
У прыватнасьці, абодва беларускія апазыцыянэры ў часе сваіх сустрэч у Страсбуры выказаліся супраць магчымага запрашэньня А. Лукашэнкі на травеньскі саміт Эўразьвязу ў Прагу.
На думку А. Казуліна, такое запрашэньне можа азначаць, што “эўрапейскія каштоўнасьці будуць прынесеныя ў ахвяру эканамічнаму прагматызму”.
...запрашэньне Лукашэнкі ў Прагу будзе разглядацца як індульгенцыя і карт-блянш на новыя дзеяньні...
“Мы тут заяўляем катэгарычную пазыцыю, што запрашэньне Лукашэнкі ў Прагу несвоечасовае. Яно будзе выглядаць, нібыта ў супрацьстаяньні дэмакратыі і дыктатуры перамагла апошняя. Гэта будзе вялікім расчараваньнем і крызісам для Эўропы і эўрапейскіх каштоўнасьцяў”.
Праз польскага эўрадэпутата Яцэка Пратасевіча Лябедзька і Казулін перадалі зварот да кіраўніка зьнешняй палітыкі і бясьпекі Эўразьвязу Хавіера Саляны.
У лісьце ад імя Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Беларусі выказваецца падтрымка стратэгіі дыялёгу Эўразьвязу зь беларускімі ўладамі, але выказваецца і крытыка мэтадаў, якімі гэты дыялёг вядзецца, кажа спадар Лябедзька:
“Фактычна зараз Брусэль прыняў правілы Лукашэнкі — дыялёг без пасярэднікаў і без умоў — гэта тупіковы шлях. Без пасярэднікаў — гэта азначае ня толькі без дэмакратычных сілаў, але і бяз тых, каго мы называем эўрабеларусамі. А без умоў — гэта азначае без складаных тэм для Лукашэнкі, без абмеркаваньня сытуацыі з правамі чалавека і дэмакратыі ў Беларусі”.
Амаль адначасова з А. Казуліным і А. Лябедзькам у Эўрапарлямэнце знаходзяцца прадстаўнікі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец і руху “За свабоду” Алесь Лагвінец. Яны даводзяць да ведама дэпутатаў сытуацыю са свабодай веравызнаньня ў Беларусі.