Беларусь падпісала з Расеяй міжурадавае пагадненьне аб выдзяленьні крэдыту на 500 мільёнаў даляраў, паведамляе Інтэрфакс са спасылкай на Мінфін Беларусі.
З беларускага боку пагадненьне падпісаў міністар фінансаў Андрэй Харкавец, з расейскага - віцэ-прэм'ер, міністар фінансаў Аляксей Кудрын.
У Менску чакаюць, што сродкі паступяць у Беларусь на пачатку наступнага тыдня.
Раней у чацьвер прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін паведаміў, што падпісаў пастанову аб выдзяленьні Беларусі крэдыту ў 500 мільёнаў даляраў.
Пуцін сказаў, што крэдыт выдаецца на просьбу беларускага боку, і папрасіў міністэрства фінансаў “апэратыўна вырашыць гэтае пытаньне”.
Сродкі даюцца Беларусі на 15 гадоў зь пяцігадовай адтэрміноўкай плацяжу па асноўным абавязку пад LIBOR плюс 3% гадавых.
У лістападзе 2008 году на такіх жа ўмовах Беларусі быў прадстаўлены дзяржкрэдыт у 1 мільярда даляраў. Гэтыя сродкі выдзяляюцца Беларусі ў рамках дамоўленасьці прэзыдэнтаў дзьвюх краін аб выдзяленьні Беларусі ў 2008-2009 гадах стабілізацыйнага крэдыту ў памеры 2 мільярды даляраў.
Раней таксама паведамлялася, што Беларусь вядзе з Расеяй перамовы аб выдачы дзяржкрэдыту на 100 мільёнаў рублёў пад пашырэньне выкарыстаньня расійскага рубля ў двухбаковых разьліках і наданьні расейскай нацвалюце статусу рэгіянальнай рэзэрвовай валюты.