Госьць ранішняга эфіру "Свабоды" -- карэспандэнт уплывовага польскага выданьня “Gazeta Wyborcza” Анджэй Пачобут. МЗС Беларусі пазбавіла яго акрэдытацыі.
Ганна Соўсь: Анджэй, як патлумачыла МЗС сваё рашэньне? Што стала нагодай для пазбаўленьня акрэдытацыі?
Анджэй Пачобут: Супрацоўнік МЗС адчытаў мне выпіску з рашэньня спэцыяльнай камісіі, якая разглядала маю справу, зь якой вынікае, што ў сваіх артыкулах у “Gazeta Wyborcza” я тэндэнцыйна прадстаўляў рэчаіснасьць у Беларусі, а таксама дрэнна выказаўся пра кіраўніка дзяржавы. Вось такая падстава. Артыкулы, да якіх беларускае МЗС мела прэтэнзіі, гэта артыкул пра прымусовую дактыляскапію мужчынскай часткі насельніцтва Беларусі, артыкул пра справу Аўтуховіча і пра выдаленьне польскіх ксяндзоў.
Соўсь: Што вы цяпер зьбіраецеся рабіць? Якую пазыцыю заняло кіраўніцтва “Gazeta Wyborcza”?
У сувязі з тым, што я грамадзянін Рэспублікі Беларусь, мне беларускае МЗС павінна будзе дастаткова дакладна патлумачыць , якія ў іх прэтэнзіі, і гэтыя прэтэнзіі я змагу абскардзіць у судзе
Соўсь: Працаваць без акрэдытацыі будзеце?
Пачобут: Так. Я буду працаваць без акрэдытацыі. На жаль, пазбаўленьне акрэдытацыі дэ-факта для мяне -- спроба абмежаваць права на прафэсію, таму што ў Беларусі, на жаль, амаль што няма выданьняў, дзе я мог бы працаваць.
Соўсь: Нядаўна гомельскія журналісты атрымалі папярэджаньне з пракуратуры “за ажыцьцяўленьне журналісцкай дзейнасьці на карысьць польскага спадарожнікавага тэлеканалу “Белсат”, які ажыцьцяўляе вяшчаньне на Беларусь з тэрыторыі Польшчы. Самому тэлеканалу адмовілі ў рэгістрацыі ў тым жа МЗС. Скажыце, на Гарадзеншчыне, якая мяжуе з Польшчай, якая цяпер сытуацыя з акрэдытацыямі журналістаў, якія працуюць на замежныя мэдыі – той жа “Белсат”, “Радыё Рацыя”, “Эўрапейскае радыё для Беларусі”?
калі людзей будуць судзіць за тое, што яны працуюць для замежных СМІ, гэта проста абсурд і дрэнна адаб'ецца на іміджы Беларусі
Соўсь: Скажыце, калі ласка, ці зьвязваеце вы пазбаўленьне акрэдытацыі з вашай актыўнай дзейнасьцю ў непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў?
Пачобут: Так, можа быць такая лучнасьць. Справа ў тым, што набліжаецца зьезд Саюзу палякаў, і цяпер сябры арганізацыі зноў патрапілі пад пільную ўвагу беларускіх спэцслужбаў, яны максымальна спрабуюць людзей запалохаць альбо зрабіць ім нешта такое, каб яны адмовіліся ад дзейнасьці ў Саюзе палякаў. Таму пазбаўленьне мяне акрэдытацыі можа быць зьвязанае як з журналісцкай дзейнасьцю, так і з грамадзкай дзейнасьцю.