Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саюз палякаў – пад наглядам


31 студзеня зь Беларусі былі дэпартаваныя грамадзяне Польшчы выкладчыкі Пётар Борань і Галіна Зайкоўска. Падставай для дэпартацыі стала зьмена месца жыхарства выкладчыкаў, якія перасяляліся з раней найманай кватэры ў новую арандаваную хату.


Журналіст “Gazeta Wyborcza” у Беларусі Андрэй Пачобут пракамэнтаваў для “Свабоды” факт чарговай дэпартацыі зь Беларусі грамадзянаў Польшчы. Суразмоўца заяўляе, што беларускія ўлады дэманструюць пільны нагляд за дзейнасьцю непрызнанага дзяржавай Саюза палякаў.

“СПБ распачаў падрыхтоўку да свайго VII з'езду. Форум адбудзецца 14-15 сакавіка ў Баранавічах, як плянуецца ў Доме польскім. А так як гэта першая вялікая падзея на Берасьцейшчыне за апошнія гады, то актывізуюцца і спэцслужбы. У гэты раз яны адшукалі прычыны для фактычнага закрыцьця Польскай грамадзкай школы імя Ігната Дамейкі Саюзу палякаў у Беларусі”.

***


31 студзеня зь Берасьця былі дэпартаваныя польскія настаўнікі спадар Пётар Борань і спадарыня Халіна Зайкоўска. Яны працавалі ў “АКЦ Мост”, на базе якога існуе Польская грамадзкая школа імя Ігната Дамейкі Саюза Палякаў Беларусі ў Берасьці. Настаўнікі выкладалі польскую мову і гісторыю для груп вучняў старэйшых клясаў, для ўсіх жадаючых засвоіць асновы ведаў у галіне гісторыі і геаграфіі Польшчы, польскай мовы і яе культуры.

Спэцыялісты былі зарэгістраваныя, працавалі ўжо другі год, мелі дазвол ад уладаў Берасьця на працу ў галіне адукацыі.

У суботу і нядзелю спэцыяльна на заняткі да польскіх настаўнікаў даяжджалі навучэнцы з Кобрыну, Пінску, Пелішч.

Прычынай дэпартацыі стала зьмена месца жыхарства настаўнікаў, якія перасяляліся з раней вынаймаванай кватэры ў новы арэндаваны дом.

Поўнае перасяленьне настаўнікаў так і не адбылося, бо спэцслужбы, якія назіралі (як стала вядома пазьней) за гэтым працэсам вельмі хутка выявілі парушэньні заканадаўства. Настаўнікі мусілі ў акрэсьлены тэрмін перарэгістравацца па новаму адрасу.

Без папярэджаньняў і тлумачэньня сытуацыі на настаўнікаў была выклікана 7-асабовая група прадстаўнікоў міліцыі, домакіраўніцтва, спэцслужбаў. Польскім настаўнікам прад’яўлена абвінавачваньне, узятыя адбіткі пальцаў і аб’яўлена дэпартацыя на 5 гадоў.

У выніку дэпартацыі настаўнікаў навучаньне перарвана за 3 месяцы да экзамэнаў.

Сябры непрызнаванага ўладамі Беларусі Саюзу палякаў лічаць, што такія дзеяньні сьведчаць пра спробу ўладаў разыграць сцэнар 2005 году па застрашэньні і дэзарыентацыі мясцовай польскай супольнасьці, якая рыхтуецца да зьезду Саюза Палякаў.

14 – 15 сакавіка 2009 году ў Баранавічах мае адбыцца VIІ зьезд Саюза Палякаў у Беларусі. На 31 студзеня прайшло паседжаньне актыву абласнога аддзелу СПБ па падрыхтоўцы VIІ зьезду СПБ, дзе прадугледжана абмеркаваньне існуючай сытуацыі. Было прынятае рашэньне арганізаваць нядзельныя заняткі ў Тэрэспалі (Польшча), а моладзь прывозіць на заняткі аўтобусам. Таксама будзе ўведзена ў практыку Польскай грамадзкай школы ў Берасьце дыстанцыйнае навучаньне, і настаўнікі з Любліна і Беластоку будуць дапамагаць вучням з Беларусі атрымоўваць веды па гісторыі і культуры Польшчы праз тэлебачаньне.

Польскае МЗС распачало ў гэтай справе кансультацыі з амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG