Хто запрасіў Лукашэнку ў Капаонік?

Паводле сэрбскага парталу Press online, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца на горналыжным курорце “Капаонік” на запрашэньне ўладальніка гатэлю “Гранд”, вядомага алігарха Міядрага Косьціча.


СЛУХАЦЬ:


У прэзыдэнцкай прэсавай службе гэтую інфармацыю ані пацьвярджаюць, ані абвяргаюць.


Паводле афіцыйных крыніцаў, Аляксандар Лукашэнка сумяшчае адпачынак з рабочым візытам, які плянуецца завяршыць да 8 сакавіка. На курорце, дзе адбываецца бізнэс-форум, ён ужо сустрэўся з сэрбскім прэм’ер-міністрам Міркам Цьветкавічам. Спадар Цьветкавіч падзякаваў Лукашэнку за тое, што той абраў для адпачынку Капаонік. Паводле афіцыйных крыніцаў, бакі выказаліся за падпісаньне дамовы аб свабодным гандлі, а таксама за стварэньне сумесных прадпрыемстваў па зборцы беларускіх трактароў і аўтобусаў. Гэтыя ж пытаньні будуць абмяркоўвацца напрыканцы сакавіка ў Менску, падчас візытаў урадавай дэлегацыі Сэрбіі на чале зь віцэ-прэм’ерам і групы сэрбскіх бізнэсоўцаў. Што заплянавана на сёньняшні дзень рабочага візыту кіраўніка Беларусі? На гэтае пытаньне кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Павал Лёгкі, які знаходзіцца ў Менску, адказаў:

“Пакуль пра сёньняшні дзень інфармацыя такая: ніякіх сустрэчаў на высокім узроўні ў прэзыдэнта не было”.

Тым часам у прэзыдэнцкай прэсавай службе не пацьвярджаюць і не абвяргаюць паведамленьні пра тое, што Лукашэнка знаходзіцца на курорце на запрашэньне “цукровага магната” Міядрага Косьціча. Павал Лёгкі сказаў, што гэтае пытаньне для яго не першаступеннае:

Міядраг Косьціч на гары Капаонік, фота miodragkostic.com
“Спытайцеся ў самога гэтага сэрбскага таварыша. Я, на жаль, зь ім не знаёмы, няхай ён вам дасьць нейкія тлумачэньні. Каб даць вам адказ на гэтае пытаньне, трэба ўзяць дакумэнт, дзе будзе напісана: «Паважаны Аляксандар Рыгоравіч, запрашаю Вас». І подпіс: «Косьціч». Арыгінал дакумэнту. На стале ў мяне арыгіналу такога дакумэнту няма. Таму мне складана даць вам адназначна выразны адказ на гэтае пытаньне. Тым ня менш самае галоўнае — што кіраўнік краіны робіць рабочы візыт, сустракаецца з сур’ёзнымі палітычнымі дзеячамі. Я маю на ўвазе ўчорашнюю сустрэчу. І вырашаюцца сур’ёзныя, вельмі важныя пытаньні”.

Гаспадар гатэлю “Гранд”, дзе здымае апартамэнты кіраўнік Беларусі і астатняя беларуская дэлегацыя, Міядраг Косьціч валодае кампаніяй “MK grupa”. Наведваючы Беларусь, ён, да прыкладу, разглядаў магчымасьць узяць у доўгатэрміновую арэнду 50 тысяч гектараў зямлі для сельскай гаспадаркі ў Баранавіцкім раёне. Спадар Косьціч мае свой бізнэс ва Ўкраіне праз кампанію “Аграінвэст”. У 2004 годзе ён арыштоўваўся па абвінавачаньні ў фінансавых махінацыях, у махлярстве з пастаўкамі цукру ў Эўрапейскі зьвяз. Паводле брусэльскіх чыноўнікаў, Косьціч набываў цукар па нізкіх цэнах у трэціх краінах і пастаўляў яго ў Эўразьвяз з парушэньнем ільготнага рэжыму.



У 2002 годзе Аляксандар Лукашэнка адпачываў у пяцізоркавым гатэлі “Клостэрброй” у аўстрыйскіх Альпах. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе ён правёў адпачынак на Чарнаморскім узьбярэжжы ў бутык-гатэлі “Родина”, які належыць расейскаму алігарху Алегу Дзерыпаску.