Сёньня ў Менску адбылося паседжаньне калегіі міністэрства замежных спраў Беларусі. У ім удзельнічаў кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі.
СЛУХАЦЬ:
Галоўнае пытаньне на паседжаньні – вынікі працы міністэрства ў мінулым годзе. Найбольш вострай праблемай замежнага гандлю застаецца адмоўнае сальда: Беларусь на працягу многіх гадоў больш купляе тавараў за мяжой, чым накіроўвае на экспарт.
Прэм’ер сёньня казаў, што праца амбасадара і ўсёй амбасады будзе ацэньвацца найперш паводле посьпехаў з прасоўваньнем беларускай прадукцыі на замежныя рынкі і атрыманьнем замежных інвэстыцыяў. Адмоўнае сальда ў гандлі з замежжам робіцца найважнейшай праблемай беларускай эканомікі. Толькі ў студзені аб’ёмы замежнага гандлю таварамі зьнізіліся больш як на траціну.З краінамі далёкага замежжа спад гандлю склаў 28%, з Расеяй — 44%, з Украінай — аж 60%.
Пра гэта ж неаднойчы казаў і Аляксандар Лукашэнка, які раней сам выступаў на такіх пасяджэньнях.
Міхаіл Марыніч ведае гэта, як ніхто іншы. Ён працаваў і міністрам зьнешнеэканамічных сувязяў, і амбасадарам — спачатку ў Чэхіі, а потым у Латвіі. Ён кажа, што гэта адвечнае пытаньне для беларускіх дыпляматаў. І дадае, што ня ўсё залежыць ад іх:
“Цана і якасьць — гэта нумар адзін. Як бы мы ні казалі, напрыклад, што трактар “Беларусь” добры, але калі зыходзіць зь яго цаны і якасьці, ён саступае амэрыканскаму “Катэрпілеру” — тэхніцы найвышэйшай клясы. Натуральна, што гэтыя суадносіны — а можа, нават і найперш якасьць, — павінны пераважаць у пастаўцы тых ці іншых тавараў”.
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі кажа, што апошнім часам у прыклад іншым ставяць дзейнасьць амбасадаў Беларусі ў Нямеччыне, дзе ўжо 10 гадоў працуе Ўладзімер Скварцоў, Польшчы (тут нядаўна Паўла Латушку зьмяніў Васіль Гайсёнак) і Італіі, адкуль нядаўна ў апарат МЗС перайшоў Аляксей Скрыпка:
“Зыходзячы з заяваў, якія гучалі раней, вялікія надзеі ў галіне зьнешняга гандлю ў нас зьвязвалі з працай амбасадаў у Пэкіне і Тэгеране. Аднак апошнім часам бравых рапартаў адтуль не чуваць. Прызнаецца, што ў няўдалы час правялі Беларускі інвэстыцыйны форум у Лёндане. І адтуль таксама бадзёрых рапартаў пра аддачу мы ня чуем”.
Міхаіл Марыніч кажа, што падобная “апрацоўка” дыпляматаў захавалася толькі на постсавецкай прасторы:
Гэта сьведчыць пра наш невысокі ўзровень стаўленьня да ўласнай прафэсійнай дзейнасьці
Я спытаўся ў Міхала Марыніча, чаму, на ягоны погляд, апошнім часам выніковыя нарады ў МЗС Аляксандар Лукашэнка перастаў праводзіць асабіста:
“Гэта для яго ўжо брудная праца. Апошнім часам ён часта кажа: гэта — ужо ня мой узровень. Але самае галоўнае, што гэта няўдзячная праца. Асабліва ў гэты крызісны час. І таму насамрэч ён проста адышоў ад гэтых пытаньняў, каб можна было сказаць: “Вы ж не спраўляецеся”. Замест таго, каб стварыць нармальныя адносіны праз заканадаўства, праз арыентацыю дыпляматаў на свой прафэсійны ўзровень, а не ператвараць іх у забесьпячэнцаў”.