Аб гэтым нашаму радыё паведаміла дачка Лявонава Юля. Учора яна размаўляла з адвакатам.
Юля Лявонава сказала, што яе тату перавялі ў СІЗА яшчэ ў чацьвер. Адвакат, зь якім яна размаўляла, сказаў, што з ныркамі ў Юры Лявонава ўсё нармальна, але вось цяпер пачаў падымацца ціск.
На гэтым тыдні яна зьбіраецца ў Менск, каб завесьці тату перадачу. Спатканьня на дазвол з роднымі, зь яе слоў, сьледчыя пакуль не даюць.
“Усе ў хаце, – кажа Юля, – вельмі хвалююцца, паколькі больш за 20 дзён не бачылі тату, а таксама нічога дакладна ня ведаюць пра ягонае здароўе”.
Учора адвакат Павал Сапелка паведаміў, што ў Мікалая Аўтуховіча пагоршыўся стан здароўя. Ён прастыў і ў яго пагаршаецца зрок.
8 лютага ў Ваўкавыску супрацоўнікі галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС разам з байцамі спэцпадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз” арыштавалі Мікалая Аўтуховіча, Юр’я Лявонава й Уладзімера Асіпенку. У іхных кватэрах адбыліся ператрусы, пасьля чаго ўсіх трох адвезьлі ў менскае СІЗА.
Паводле інфармацыі МУС, затрыманыя падазраюцца ў арганізацыі і зьдзяйсьненьні шэрагу цяжкіх злачынстваў. У прыватнасьці, было паведамлена пра падпалы і падрывы маёмасьці дзяржаўных службоўцаў. Такім чынам яны нібыта помсьцілі за перасьлед іхнай фірмы. Пазьней БТ паведаміла, што пры ператрусах у затрыманых была знойдзена выбухоўка і агнястрэльная зброя.
Мікалай Аўтуховіч і Юры Лявонаў — былыя палітвязьні. Яны былі асуджаныя да турэмнага зьняволеньня, але летась гэтае пакараньне ім замянілі на абмежаваньне волі.
Учора міністар Навумаў заявіў, што нібыта ўсім траім могуць быць прад’яўленыя новыя абвінавачаньні.