У Горадні адбыўся сход у справе выбараў дэлегатаў на сёмы зьезд Саюзу палякаў на чале з Анжалікай Борыс.
Гэты саюз вымушана дзейнічае без рэгістрацыі. Як паведаміў нам прэсавы сакратар СПБ Ігар Банцар, абралі 35 дэлегатаў, бо гарадзенская філія — найбуйнейшая ў арганізацыі. На сходзе было больш за дзьвесьце чалавек.
Ігар Банцар падкрэсьліў, што ніякіх перашкодаў з боку міліцыі не было. У СПБ гэта ўспрынялі з надзеяй на тое, што ўлады ўсьвядомілі памылковасьць сваіх дзеяньняў і дазволяць спакойна правесьці зьезд, які па-ранейшаму рыхтуецца ў Баранавічах на 14—15 сакавіка. З другога боку, застаецца асьцярога, што гэта толькі зацішша перад навальніцай, прызнаўся Ігар Банцар. У любым разе, на зьезд агулам па Беларусі ўжо абрана больш за восемдзесят адсоткаў дэлегатаў, сказаў ён. Асноўным пытаньнем зьезду будзе легалізацыя дзейнасьці арганізацыі.