Хроніка крызісу: 22—28 лютага

Ва ўмовах сусьветнага крызісу адны прадпрыемствы ня могуць разьлічыцца са сваімі працаўнікамі, іншыя, ня маючы грошай, змушаны пераходзіць на бартэр. Перад асобнымі яскрава замаячыла пэрспэктыва банкруцтва. А ў першы дзень вясны з крызісам паспрабуюць змагацца правераным паганскім спосабам — пад Менскам фінансісты спаляць… пудзіла крызісу.

МАГІЛЁЎШЧЫНА

У шэрагу найбольш пацярпелых ад фінансавага крызісу — прадпрыемствы Магілёўшчыны. Па афіцыйных зьвестках, аб’ёмы вытворчасьці ў вобласьці зьменшыліся на 59 прадпрыемствах са 192. На складах назапашана прадукцыі на 570 мільярдаў рублёў.

Найбуйнейшы на пасьлясавецкай прасторы вытворца цэнтрабежных помпаў — Бабруйскі машынабудаўнічы завод — зьменшыў аб’ём вытворчасьці на 43%. Прадпрыемства адносіцца да найгоршых па выніках студзеня — плян выкананы толькі на 67%. У адміністрацыі камэнтуюць становішча так:
Заробкі мы плацім крэдытамі ...

“Аб’ёмы вытворчасьці ўпалі ў сувязі з сусьветным фінансавым крызісам. Таму й заробкі ўпалі. Але ж гэта ж ня толькі ў нас…”

У прыватных гутарках работнікі кажуць, што ад сярэдзіны студзеня яны занятыя на вытворчасьці няпоўны працоўны тыдзень. Гэта пацьвердзілі і ў прафкаме заводу:

“Мы ж яшчэ стараемся дзьве траціны плаціць. Пяты гэты працоўны дзень. Хоць аплачваць нейкі просты тарыф. Мы будзем старацца выплачваць, але мы плацім крэдытамі”.

Каб узьняць попыт на помпавае абсталяваньне, бабруйскія машынабудаўнікі ўжо зьнізілі цэны на 30%.

На іншым прадпрыемстве гораду — Бабруйскім заводзе тармазной апаратуры й мэханізмаў— аб’ёмы вытворчасьці за апошні час зьнізіліся ўдвая. Рабочыя занятыя тры дні на тыдзень. Цяжкасьці на заводзе прадстаўнік адміністрацыі зьвязвае з падзеньнем попыту на беларускую аўтатэхніку на замежных рынках. Увогуле ж 70% прадукцыі пастаўляецца на Менскі аўтазавод:
На МАЗе сытуацыя дужа складаная, а БелАЗ наагул фактычна стаіць ...

“Нашыя аб’ёмы залежаць ад працы Менскага аўтамабільнага заводу. А мы ведаем, што на МАЗе сытуацыя дужа складаная, а БелАЗ наагул фактычна стаіць. Мы працуем у асноўным на беларускі рынак. На 80% камплектуем беларускае машынабудаваньне. За мяжу пастаўляем толькі запасныя часткі. Па запасных частках у нас было зьніжэньне аб’ёмаў продажу ў тры разы”.

У лютым на заводзе спадзяюцца прадаць да 70% запасных частак. Найперш — коштам заказаў сельскага машынабудаваньня. Гаворыць прадстаўнік адміністрацыі:

“Ёсьць дзяржаўныя праграмы, ёсьць вэнэсуэльскія заказы вялікія. На “Аграмашы”, на “Сельмашы”, “Гомсельмашы” заказы зь мінулага году, зьнешнеэканамічныя кантракты, заключаныя зь мінулага году, засталіся”.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА

Гарадзенскія швейныя прадпрыемствы, якія вырабляюць спэцвопратку, значна скарацілі вытворчасьць. Дырэктар вытворчага каапэратыву “Вэтэран” Міхаіл Корачкін кажа, што шыцьцё спэцвопраткі даводзіцца скарачаць толькі з адной прычыны — замоўцы ня плацяць за тавар:

“Вымушаны спыняць вытворчасьць. Праблемы з пачатку году: студзень, люты, а вось у сьнежні яшчэ нармальна працавалі. Бюджэт ім ня плаціць, і яны вымушаны затрымліваць аплаты нам”.

У каапэратыве “Вэтэран” спэцвопратку шыюць для бюджэтных арганізацый. Са слоў спадара Корачкіна, аб’ёмы продажу скараціліся з пачатку году на 30%.

На падобным прыватным прадпрыемстве “Сябры” шыюць спэцвопратку па індывідуальных заказах. Дырэктарка, спадарыня Людміла, кажа: канкурэнцыю што да якасьці прадукцыі яны вытрымліваюць, але існуе шмат іншых праблемаў, з-за якіх даводзіцца скарачаць вытворчасьць:
Расейскі рубель падае, а нам рахункі выстаўляюць у далярах...

“Арэнда павялічылася, паколькі прывязаная да курсу валюты й пакуль ніхто не зьбіраецца яе зьніжаць. Электраэнэргія купляецца ў Расеі за расейскія рублі. Расейскі рубель падае, а нам рахункі выстаўляюць у далярах. У нас у паўтара раза павялічыліся выдаткі”.

Як крызіснае становішча ў эканоміцы ўплывае на рынак працы ў рэгіёнах?

У Горадні апошнім часам у службу занятасьці пачалі зьвяртацца тыя, хто пакуль мае працу, але заняты няпоўны працоўны тыдзень. Людзі спадзяюцца напачатку знайсьці падпрацоўку, а ў будучыні, магчыма, і новае месца.

Іван Роман, сябра Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці, апавядае пра тое, як радзяць сабе рабочыя, у якіх сёньня няпоўны працоўны тыдзень:

“Калі на прадпрыемстве скарочаны графік працы, некаторыя людзі едуць у вёску дапамагаць на гаспадарцы родным. Я ведаю тых, хто займаецца рамонтам кватэр у вольныя дні. Гэта прыносіць дадатковы прыбытак. Яны робяць гэта па-за законам, ня маючы ліцэнзіі, але ў іхнім становішчы няма выйсьця іншага. А хтосьці нічога ня робіць, ляжыць у хаце, глядзіць тэлевізар, чакае выкліку на працу”.

Напружаным становішчам на працоўным рынку на Гарадзеншчыне традыцыйна адзначаецца Смаргонь. Ала Лабанава са службы занятасьці паведаміла:

“Канечне, ёсьць заяўкі. У нас на сёньняшні дзень 146 вакансій, у асноўным яны датычаць рабочых прафэсій. Заяўкі даюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, будаўнічыя, прамысловыя таксама”.


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


На Берасьцейшчыне ў гарадзкія цэнтры занятасьці штодзённа зьвяртаюцца дзясяткі людзей. Наведнікаў паболела за кошт мужчын, якія вяртаюцца з заробкаў у Расеі.

У Баранавічах аснову гарадзкой эканомікі складаюць каля 40 прадпрыемстваў машына- й станкабудаваньня, будаўнічай індустрыі, лёгкай прамысловасьці. Ад крызісу цярпяць практычна ўсе. Расказвае наладчык ткацкага абсталяваньня вытворчага баваўнянага аб'яднаньня Іван Сяргейчык:
Камбінат працуе ў асноўным на склад ...

“Камбінат працуе ў асноўным на склад. Багата пэнсіянэраў, якія дапамагаюць дзецям, унукам. Заробкі — ад 200 да 400 тысяч рублёў. Людзі робяць толькі на прадукты і на плату за паслугі ЖКГ”.

Больш як тысяча працаўнікоў заводу аўтаматычных ліній таксама ня бачаць перад сабой добрых пэрспэктываў. Інфармуе супрацоўнік адміністрацыі Яраслаў Крук:

“Сёньня мы першы раз выйшлі. Гэта ня ўвесь завод. Паводле сьпісаў фактычна працуюць цэхі і іншыя аддзелы заводу. Усіх, хто ня быў забясьпечаны працай, таксама адпраўляюць на дзьве трэція. Якія ва ўмовах крызісу могуць быць добрыя пэрспэктывы? Дай бог, каб ізноў не адправілі”.

Незапатрабаванасьць вырабленых у Беларусі тавараў прывяла да падзеньня попыту на міжнародныя транспартныя паслугі. Перавозчыкі рыхтуюцца да найгоршага — банкруцтва. У сярэднім, як кажа супрацоўнік прыватнага транспартнага агенцтва, кошты на паслугі зьнізіліся ў 1,5—2 раза:

“Цяпер расейцы не набываюць нашы прамысловыя тавары зусім. Складзкія памяшканьні вытворчасьцяў загружаныя. То бок няма збыту — адпаведна, ніхто не замаўляе транспарт. А паколькі ўсе хочуць працаваць, значыць, попыт на працу перавышае прапанову, таму й цэны ўпалі. Сабекошт перавозак упаў, аднак нават гэта застаецца незапатрабаваным, бо няма працы”.

З наступствамі крызісу сутыкнуліся і ў дзяржаўных транспартных арганізацыях. Гаворыць супрацоўнік адной зь іх:
цяпер праца прыносіць страты...

“Таваразварот значна зьменшыўся між дзяржавамі. Адпаведна, дужа ўпалі стаўкі на перавозкі. Наагул, цяпер праца прыносіць страты ў асноўным. Калі крызіс пачне мацнець, частка перавозчыкаў збанкрутуе. Можа, гэта прывядзе да павелічэньня ставак. Пакуль жа ўсё дрэнна”.

На Магілёўшчыне міжнародныя транспартныя й пасажырскія паслугі аказваюць некалькі дзясяткаў арганізацыяў. У гэтай сфэры бізнэсу занятыя да трох тысяч чалавек. Якая частка зь іх збанкрутуе, пакуль невядома.



Змагацца з крызісам спрабуюць ня толькі эканамічнымі захадамі, але й паганскімі мэтадамі. 1 сакавіка, у дзень пачатку вясны, у забаўляльным цэнтры “Юнацтва” пад Менскам спаляць пудзіла… крызісу. Прадстаўнікі банкаўскай сфэры, фінансісты на адзін дзень адкінуць убок праблемы, спадзеючыся, што вясна ня толькі на словах, а і на справе прынясе станоўчыя пераўтварэньні. Адна з ініцыятарак рэляксацыі на тле крызісу — Кацярына Сьмірнова, кіраўніца групы аналітыкаў фінансавага парталу infobank.by:

Кацярына Сьмірнова
“Можна сказаць, што паспрабуем хоць такім чынам зьвярнуць якуюсьці ўвагу на нашы праблемы ў нябеснай канцылярыі… Увогуле сваю папярэднюю прысутнасьць пацьвердзіў Нацбанк, кіраўнікі і намесьнікі старшыняў праўленьняў шэрагу банкаў. Будуць таксама лізінгавыя і страхавыя кампаніі, то бок пераважна наш фінансавы сэктар”.

У рамках праводзінаў зімы адбудзецца ўзнагароджваньне ў розных намінацыях банкаў, страхавых і лізінгавых кампаніяў — па выніках яшчэ адносна пасьпяховага 2008 году. Ці будзе такая нагода праз год — спэцыялісты варажыць не бяруцца.