Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: аднаўляецца бартэр


Бабруйскі завод машынабудаваньня, як і многія іншыя прадпрыемствы, ня можа цалкам разьлічыцца са сваімі працаўнікамі за студзень. А на Гарадзеншчыне некаторыя прадпрыемствы, ня маючы грошай, змушаны разьлічвацца бартэрам за камунальныя паслугі.


БАБРУЙСК

Найбуйнейшы на постсавецкай прасторы вытворца цэнтрабежных помпаў — Бабруйскі машынабудаўнічы завод — зьменшыў на сорак тры працэнты аб’ёмы вытворчасьці. Афіцыйныя крыніцы адносяць гэтае прадпрыемства да найгоршых па выніках студзеня.

У студзені завод выканаў плян толькі на 67 працэнтаў. У адміністрацыі неахвотна камэнтуюць становішча на прадпрыемстве:

“Аб’ёмы вытворчасьці ўпалі ў сувязі з сусьветным фінансавым крызісам. Таму й заробкі ўпалі. Гэта ж ня толькі ў нас. Мы ж гэта ня можам усё словамі пераказаць, вы ж афіцыйны ліст напішыце”, — паведаміў прадстаўнік адміністрацыі.

На заводзе працуе каля тысячы чалавек. У прыватных гутарках работнікі кажуць, што ад сярэдзіны студзеня яны занятыя на вытворчасьці няпоўны працоўны тыдзень.

На заробак у Бабруйску ідуць крэдыты

Гэта пацьвердзілі і ў прафкаме заводу. Гаворыць яго супрацоўніца:

“Мы ж яшчэ стараемся дзьве траціны плаціць. Пяты гэты працоўны дзень. Хоць аплачваць нейкі просты тарыф. А выплата заробкаў 25 чысла. Мы будзем старацца выплачваць, але мы плацім крэдытамі”.

Ці ведаюць работнікі пра эканамічны стан прадпрыемства? У прафкаме цьвердзяць, што спрабуюць патлумачыць калектыву сытуацыю:

“У чацьвер мы правялі сходы ўва ўсіх падразьдзяленьнях нашага заводу. Дырэктар прысутнічаў, ягоныя намесьнікі. Яны разумеюць, што гэта такое, аднак усім жа не патлумачыш. Людзі ж і есьці хочуць. У людзей шалёныя даўгі за жытло, спажывецкія крэдыты”.

Паводле супрацоўніцы прафкаму, праблемы на расейскім рынку адразу ж перакінуліся на бабруйскі завод. Зь імі сутыкнуліся яшчэ ў кастрычніку:

“Сёньня дзе купіць матэрыялы, дзе купіць чыгун, дзе купіць лом? Усе камплектуючыя сёньня расейскія”.

Каб узьняць попыт на помпавае абсталяваньне, бабруйскія машынабудаўнікі зьнізілі цэны ажно на трыццаць працэнтаў.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, аб’ёмы вытворчасьці на Магілёўшчыне зьменшыліся на 59 прадпрыемствах з 192. На складах назапашана прадукцыі на 570 мільярдаў рублёў. Прагнозныя паказьнікі ня выканалі адзінаццаць сельскіх раёнаў вобласьці, а таксама Магілёў і Бабруйск. Паводле старшыні аблвыканкаму Пятра Рудніка, па тэмпах росту прамысловай вытворчасьці Магілёўшчына займае перадапошняе месца, апярэджваючы толькі Менск.

ГОРАДНЯ

Бюджэтныя й сельскагаспадарчыя арганізацыі Гарадзенскай вобласьці завінаваціліся жыльлёва-камунальнай гаспадарцы 32 мільярды рублёў. У разьліках з камунальнікамі ўсё часьцей ужываецца бартэр.

Адказная за разьлікі абласной управы ЖКГ Натальля Сергіенка кажа, што грашыма цяпер не разьлічваюцца Смаргонскі, Ашмянскі й Ваўкавыскі раёны.

Ва ўзаемаразьліках аднаўляецца бартэр

Сергінка: “Доўг бюджэтных арганізацый складае 16 мільярдаў рублёў на 1 лютага. Такая ж запазычанасьць і ў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў”.

Даўгі нарастаюць пераважна празь няплату за ваду, каналізацыю й ацяпленьне. Спадарыня Сергіенка кажа, што камунальнікі спрабуюць вяртаць даўгі самым розным чынам.

У прыватнасьці, спрабуюць падаваць пазовы ў гаспадарчы суд, складаюць графікі выплаты даўгоў, а апошнім часам увялі ўзаемаразьлікі.

“Адным словам — бартэр. Паколькі зараз прыпыніў дзеяньне ўказ аб неграшовай форме разьліку, то бартэр ізноў дазволены. Я думаю, што гэта лепш паўплывае на разьлікі з намі нашых даўжнікоў”.

Ёсьць даўжнікі і сярод фізычных асобаў, але іх па вобласьці, са слоў Наталі Сергіенкі, ня так і шмат. Праўда, яна распавядае, што ў вобласьці маюць месца выпадкі, калі людзей за даўгі прымусова высялялі з кватэраў.

Толькі ў студзені ў Гарадзенскай вобласьці ад ЖКГ пададзена 467 пазоўных заяваў да фізычных асобаў.

Наагул, кажа спадарыня Сергіенка, калі існуе магчымасьць, то запазычанасьць фізычных асобаў найчасьцей спаганяюць праз натарыяльныя надпісы.

Сергіенка: “У такім выпадку ў суд ўжо не выклікаюць, а натарыяльна афармляюць запазычанасьць, выпіска даецца з асабовага рахунку, і потым пачынаюць у чалавека вылічваць ці з заробку, ці з пэнсіі, і г.д.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG