Выйшла ў сьвет Быкаўская энцыкляпэдыя

Вокладка кнігі

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 22 лютага

Больш за два гады ў часопісе “Дзеяслоў” друкавалася дасьледаваньне Сяргея Шапрана “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцьця ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах”. І вось першы том гэтай своеасаблівай Быкаўскай энцыкляпэдыі пабачыў сьвет асобным выданьнем – як супольны праект Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” і сэрыі “Гарадзенская бібліятэка”. Аўтар кнігі – госьць “Вольнай студыі”.

Міхась Скобла: “Сяргей, першы том гісторыі жыцьця Васіля Быкава налічвае больш за 700 старонак. Прыблізна столькі ж будзе і ў другім. Як доўга ішла праца над такой аб’ёмнай кнігай?”

Сяргей Шапран
Сяргей Шапран:
“Больш за чатыры гады. Кніга зьбіралася-пісалася, паколькі цалкам пабудаваная на дакумэнтальным матэрыяле. Гадоў дзесяць таму я нават уявіць ня мог, што вазьмуся за такую працяглую па часе працу і наогул за такую тэму. Між іншым, ідэя самой кнігі пра Быкава належыць ня мне, а Аляксандру Фядуту. Ты памятаеш, колькі прыйшло людзей 25 чэрвеня 2003 году, каб разьвітацца з Васілём Быкавым, – некалькі дзясяткаў тысячаў. І вось калі я праходзіў міма гэтай маўкліва-сумнай чаргі ля Дому літаратара, Аляксандар Фядута, які таксама быў там, раптам спыніў мяне незразумелым пытаньнем: “Сяргей, вы пішаце кнігу?” Я перапытаў – якую? Ён адказаў: “Пра Быкава”. Добра памятаю, што ў ягоных вачах стаялі сьлёзы. Я прапанаваў вярнуцца да гэтай тэмы пазьней. І недзе празь месяц Аляксандар, патэлефанаваўшы ў рэдакцыю зусім зь іншай нагоды і выпадкова натрапіўшы на мяне, запытаўся, як ідуць справы з кнігай… Спачатку размова ішла пра зборнік успамінаў пра Быкава, але такую кнігу якраз у той час пачаў рыхтаваць Генадзь Мікалаевіч Бураўкін (яна выйшла ў 2004-м пад назвай “Наш Быкаў”). Значыць, трэба было рабіць нешта іншае. І Фядута прапанаваў напісаць дакумэнтальную кнігу.”

Міхась Скобла
Скобла:
“Дакумэнты, зьнітаваныя аўтарскім камэнтаром... Што ты браў за ўзор падчас працы?”

Шапран: “Той жа Фядута параіў паглядзець кнігу В. Верасаева “Пушкин в жизни”. Вядома, я трымаў у галаве гэтую грунтоўную працу, але мне здавалася, што кніга пра Быкава павінна быць трошкі інакшай: спалучэньнем жыцьця і творчасьці. І я ўзяўся вынаходзіць свой ровар”.

Скобла: “У Верасаева – пераважна дакумэнты. У кнізе, пра якую мы гаворым, ёсьць аўтар, ёсьць аўтарскі тэкст, і яго шмат”.

Шапран: “Між іншым, я імкнуўся да таго, каб аўтара там было няшмат. І калі яшчэ гаварыць пра нейкі, умоўна кажучы, “узор”, дык справа ў тым, што ў свой час у газэце “БДГ. Для служебного пользования” я зрабіў тры вялікія матэрыялы: пра Алеся Адамовіча, Уладзімера Караткевіча і Васіля Быкава. Калі Васіль Уладзімеравіч жыў ужо за мяжой, я пэрыядычна дасылаў яму нейкія публікацыі з нашай газэты, якія, як мне здавалася, маглі яго зацікавіць. Даслаў і гэтыя тры артыкулы. І хоць з Быкавым мы не ліставаліся, але тым разам я нечакана атрымаў ад яго ліст з надта добрым водгукам адносна артыкула пра Адамовіча, які, як вядома, быў самым блізкім сябрам Васіля Быкава. Вось пра гэты быкаўскі ліст я заўсёды памятаў, калі працаваў над кнігай. Можна нават сказаць, што кніга пра Быкава вырасла з артыкула пра Адамовіча, з таго, што яго ўхваліў Быкаў… Толькі не падумай, што я хачу пахваліць сябе ці тую сваю публікацыю. Гэта цяжка растлумачыць, але інтуітыўна я разумеў, што калі нешта ўбачыў у гэтым Быкаў, значыцца, такія ж самыя падыходы, сам гэты дух трэба перанесьці і ў кнігу… Ты сам добра ведаеш, Міхась, што ня ўсё можна растлумачыць – нейкія рэчы робяцца на падсьвядомасьці, і немагчыма пасьля знайсьці ім адэкватнае тлумачэньне на словах”.

Скобла: “Гісторыя жыцьця Быкава ў дакумэнтах, публікацыях, успамінах, лістах... Дакумэнтальнасьць, бясспрэчна, надасьць вагі тваёй кнізе. Што ў ёй друкуецца ўпершыню?”

Шапран: “Шмат што. Цяжка ўсё пералічыць. Ну, найперш, гэта франтавыя лісты Васіля Быкава, якія яшчэ з пачатку 1980-х захоўваюцца ў Віцебскім краязнаўчым музэі. Ці, напрыклад, ліставаньне з Аляксандрам Твардоўскім, Віктарам Астаф’евым, Веніямінам Каверыным, Рыгорам Бакланавым, Валянцінам Аскоцкім; лісты Віктара Някрасава, Аляксандра Салжаніцына, Сяргея С. Смірнова. І тут хацелася б выказаць вялікую ўдзячнасьць Ірыне Міхайлаўне Быкавай за тое, што яна дазволіла пазнаёміцца з хатнім архівам Васіля Ўладзімеравіча і выкарыстаць многія дакумэнты. Таксама я вельмі ўдзячны за спрыяньне супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага архіва-музэю літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры, Нацыянальнага архіву Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі, людзям, якія дапамаглі з выданьнем кнігі, найперш сп. Ірэне Сьмірноў-Каляда.

Увогуле, у кнізе публікуюцца матэрыялы з больш чым дваццаці дзяржаўных архіваў, музэяў і прыватных збораў. Гэта і стэнаграмы пісьменьніцкіх прамоваў, і пратаколы рэдакцыйных паседжаньняў, і фрагмэнты з быкаўскіх твораў, якія калісьці былі выкрасьленыя цэнзурай (у першую чаргу гэта тычыцца аповесьцяў “Мёртвым не баліць” і “Сотнікава”). У кнігу таксама ўлучаныя гутаркі з асобамі, успамінаў якіх няма ў зборніку “Наш Быкаў”. Гэта пісьменьнікі Генадзь Бураўкін, Сьвятлана Алексіевіч, Уладзімер Някляеў, Рыгор Бакланаў, Барыс Васільеў, Міхась Тычына, Юрка Голуб, Аляксей Пяткевіч, гісторык Барыс Клейн, палітыкі Станіслаў Шушкевіч, Зянон Пазьняк, Сяргей Навумчык, чэскі лекар Сяргей Юрчанка. Ёсьць таксама ўспаміны сястры Быкава Валянціны Ўладзімераўны, сына Сяргея. Між іншым, мне так і не ўдалося знайсьці жонку ўкраінскага крытыка Васіля Бурана, у якой, ведаю, ёсьць вельмі цікавыя лісты Быкава да Васіля Акімавіча. Калісьці яна тэлефанавала на Радыё “Свабода”, але свайго тэлефону не пакінула… Некаторыя мае суразмоўцы, на жаль, кнігі гэтай ужо не пабачаць, я маю на ўвазе Іну Карпюк, Чынгіза Айтматава, акадэміка Аляксандра Якаўлева.”

Скобла: “У кнізе ёсьць героі і антыгероі. Адзін з такіх антыгерояў – Сеўрук, партапаратчык, які папсаваў Быкаву нямала крыві. Мяне зьдзівіла, што ён нават перад сьмерцю, стоячы перад Божай пасьцельлю, не раскаяўся. Як бы ты вызначыў ролю гэтага чалавека ў літаратурным лёсе Быкава?”

Шапран: “Такіх герастратаў у жыцьці Быкава было шмат, і Сеўрук тут, вядома ж, не адзіны. Мне прыгадваецца, што адна з кніжак пра Быкава (яе аўтар Ігар Дзядкоў) называецца “Василь Быков. Повесть о человеке, который выстоял”. Я мяркую, што Васіль Быкаў стаў менавіта тым Быкавым, якога мы ведаем – як гэта ні парадаксальна прагучыць, – дзякуючы і такім людзям, як Сеўрук. Дзякуючы Сеўруку і яму падобным, у жыцьці Васіля Быкава ствараліся такія абставіны, што падчас і жыць было надзвычай цяжка. (Невыпадкова ж Васіль Уладзімеравіч прызнаваўся, што калі б ведаў, якія будуць наступствы пасьля публікацыі таго ці іншага свайго твору, то, магчыма, і не ўзяўся б пісаць.) Але такім чынам і фармуецца характар: чалавек ці можа выстаяць, ці ня можа. Быкаў выстаяў…

Між іншым, калі я толькі пачынаў гэтую працу, Аляксандар Фядута настойліва раіў, каб я зрабіў гутарку з Сеўрукам. Мне вельмі не хацелася гэтага, паколькі ў мяне ніколі не было павагі да гэтага апаратчыка. Але, мабыць, у дадзеным выпадку я зрабіў няправільна. Відаць, трэба было сустрэцца зь ім, каб паспрабаваць зразумець, што было ў яго за душой. Хоць, думаю, ты маеш рацыю, калі гаворыш, што Сеўрук не раскаяўся – да такой высновы можна прыйсьці, калі мець на ўвазе ягоныя апошнія публікацыі, тыя пасады, якія ён займаў. Відаць, Сеўрук быў зь ліку тых людзей, якія ніколі і ні ў чым не раскайваюцца. Яны становяцца вядомымі толькі па адной прычыне – бо цкавалі такіх творцаў, як Васіль Быкаў”.

Скобла: “Некаторыя эпізоды тваёй кнігі сёньня выклікаюць усьмешку. Вось пратакол паседжаньня рэдкалегіі часопіса “Маладосьць” за 1968 год. Ідзе абмеркаваньне аповесьці “Праклятая вышыня”. Выступае пісьменьнік Іван Грамовіч і сярод іншага кажа: “Аповесьць Быкаву трэба скончыць так: рота ўстала і ідзе ў атаку”... А хто з калегаў-пісьменьнікаў у той няпросты час сапраўды падтрымаў Быкава?”

Шапран: “Няпросты час пачаўся для Быкава нават ня ў 1966 годзе, калі ў “Новом мире” Твардоўскім была надрукаваная аповесьць “Мёртвым не баліць”. Толькі цяпер я знайшоў пратакол абмеркаваньня на беларускай кінастудыі фільма, зьнятага па “Трэцяй ракеце”. Дык вось, яшчэ тады, у 1964-м, Быкава абвінавачвалі ў “рэмаркізме”, “натуралізме” і “пацыфізме”. Што ж тычыцца падтрымкі, дык сам Васіль Уладзімеравіч пісаў у “Доўгай дарозе дадому”, што яго вельмі падтрымлівалі лісты і Віктара Някрасава, і Аляксандра Твардоўскага, які пісаў аўтару “Мёртвым не баліць”: “Усё мінецца, праўда застанецца”… Была падтрымка і Пімена Панчанкі, які друкаваў Быкава, былі лісты Ларысы Геніюш, якая наказвала сваім адрасатам: “Трымайце Быкава!” Былі побач сябры Аляксей Карпюк і Алесь Адамовіч. Варта згадаць і знакаміты Ліст 53-х, які напісалі маладыя тады Генадзь Бураўкін і Анатоль Вярцінскі, яны ж зьбіралі подпісы пад ім, каб пасьля накіраваць у ЦК КПБ. І хоць некаторыя адмовіліся падпісаць, але ж большасьць падпісалася: Янка Брыль, Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Іван Мележ, Алесь Адамовіч, Рыгор Барадулін, Іван Чыгрынаў, Ніл Гілевіч, Барыс Сачанка… Па тым часе гэта быў сьмелы ўчынак, які, дарэчы, знайшоў сваё адлюстраваньне ў данясеньні на адрас ЦК КПСС тагачаснага старшыні КГБ СССР Сямічаснага.

Але разам з тым нельга забывацца і пра тую прапагандысцкую вакханалію, што адбывалася вакол імя Быкава ў другой палове 1990-х і на пачатку 2000-х, якую, як мне падаецца, па сваім цынізме і зьняважлівым стаўленьні да Быкава немагчыма нават параўнаць з нападкамі ў 1960-я гады. І зноў пісьменьнікі неаднаразова выступалі ў падтрымку Васіля Быкава. Напрыклад, вядомы адкрыты ліст, які падпісалі Р. Барадулiн, У. Арлоў, Г. Бураўкiн, Дз. Бугаёў, А. Вярцiнскi, Г. Далiдовіч, А. Дракахруст, В. Iпатава, К. Камейша, А. Кудравец, А. Лойка, А. Пашкевiч, В. Сёмуха, М. Скобла, В. Тарас, К. Шэрман ды іншыя. Подпісы пад іншым адкрытым лістом (ён быў надрукаваны ў “Общей газете” і чамусьці называўся “Почему бывший партизан поселился на Майне”) паставілі Р. Бакланаў, К. Ваншэнкін, Д. Гранін, Ю. Давыдаў…

Можна прыгадаць гісторыю, калі даўні сябра Васіля Ўладзімеравіча, літаратуразнавец Валянцін Аскоцкі зьвярнуўся праз газэту “Известия” да мэра Масквы Лужкова і Пуціна, які ў той час выконваў абавязкі расейскага прэзыдэнта (студзень 2000 году), зь лістом, у якім заклікаў падтрымаць беларускага пісьменьніка і запрасіць яго ў Маскву – на часовае ці сталае жыхарства (праўда, адказу Валянцін Дзьмітрыевіч так і не атрымаў)”.

Скобла: “Давай працягнем тэму адносінаў да Быкава маскоўскага кіраўніцтва. Вось сакратар ЦК КПСС Якаўлеў гаворыць Гарбачову: “Можна, вядома, не надрукаваць “Знак бяды”, але нельга не друкаваць”. Тлумач як хочаш… Чаго ўсё ж у гэтых адносінах было больш – бізуна ці перніка?”

Шапран: “У выказваньні Аляксандра Мікалаевіча Якаўлева, мяркую, акцэнтацыю трэба рабіць на другой палове сказа: “нельга не друкаваць”, што, між іншым, і вырашыла тады лёс “Знаку бяды” (супраць публікацыі, дарэчы, выступаў кіраўнік саюзнага КГБ Чэбрыкаў). Адносна ж бізуна і перніка… Гледзячы, які час мець на ўвазе. У другой палове 1960-х быў пераважна бізун, ды яшчэ які! Іншых літаратараў падобны бізун прымушаў замаўкаць ці эміграваць з краіны. У горшым выпадку, пісаць паводле законаў гэтак званага “сацыялістычнага рэалізму”… Толькі пачынаючы з 1974 году Быкава пачалі афіцыйна прызнаваць і ўзнагароджваць. (Але, разам з тым, не друкаваліся аповесьці “Мёртвым не баліць”, “Праклятая вышыня” і “Круглянскі мост” – іх так і не ўлучылі ў двухтомавік, які выдаваўся да 50-годзьдзя Быкава.)

Думаю, маюць рацыю тыя сябры пісьменьніка, якія сёньня гавораць, што ўлада проста не магла не прызнаваць такога літаратурнага таленту, як Васіль Быкаў, – замаўчаць яго было ўжо немагчыма. Між іншым, і прыгаданы табою Міхаіл Гарбачоў у сваіх успамінах, якія таксама ёсьць у гэтай кнізе, гаворыць пра той уплыў, які аказаў на яго Быкаў. Так, Міхаіл Сяргеевіч напісаў, што для яго асабіста “ў творчасьці Васіля Быкава, які стаў клясыкам беларуска-расейскай савецкай літаратуры, асаблівае значэньне маюць два паняцьці: сумленьне і абавязак”. І вось гэтыя два словы – сумленьне і абавязак – Гарбачовым вылучаныя”.

Скобла: “Зьмешчаныя ў гэтай кнізе і твае інтэрвію з Васілём Быкавым. А якое зь іх самае памятнае?”

Шапран: “Відаць, тое, якое адбылося за два дні да ад’езду Быкава ў Фінляндыю – у чэрвені 1998 году. Калі прызнацца, я цэлы год прасіў аб гэтым інтэрвію для газеты “Имя”, але Васіль Уладзімеравіч адмаўляўся, прасіў пазваніць пазьней. Як пасьля патлумачыў Быкаў, справа была ў стаўленьні газэты да пэўнай часткі беларускай апазыцыі. Памятаю, калі я папрасіў фатаздымак, Васіль Уладзімеравіч даў два фота – ён разам з Пазьняком і яшчэ нейкі, пры гэтым заўважыў: “Вы, вядома ж, з Пазьняком не надрукуеце”. Але быў надрукаваны якраз той фатаздымак – ніякіх пярэчаньняў у рэдакцыі гэта ня выклікала… І вось так Быкаў адмаўляў мне ў інтэрвію, пакуль аднойчы зімой не сказаў: “Патэлефануйце, калі зазелянее траўка”. Наступным разам я зьвярнуўся да пісьменьніка, калі ўжо сышоў сьнег: “Васіль Уладзімеравіч, траўка зьявілася…” Мяркуючы па інтанацыі, Быкаў тады ўсьміхнуўся, але зноў папрасіў пачакаць. Згадзіўся ўжо перад самым ад’ездам. Гэта было маё апошняе інтэрвію з Васілём Быкавым у Менску, яно называлася: “Зьвязьненага ў канцлягеры не купляюць, яго – зьнішчаюць”.

І яшчэ адно незабыўнае інтэрвію я зрабіў у 2002 годзе, але тады на мае пытаньні Васіль Уладзімеравіч адказваў ужо пісьмова, зь Нямеччыны. Між іншым, тая публікацыя была вельмі своечасовай, паколькі якраз тады ў расейскім друку зьявіліся паведамленьні аб тым, што Быкаў папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі. Інтэрвію называлася, на мой погляд, вельмі сымбалічна: “Быў і застаюся грамадзянінам сваёй краіны”. Гэта была цытата з адказаў Быкава”.

Скобла: “Больш за чатыры гады ты штодзённа жыў зь імем Васіля Быкава ў думках і, мабыць жа, увесь час даведваўся пра пісьменьніка нешта новае. А ці зьмянілася тваё стаўленьне да Быкава за гэты пэрыяд?”

Шапран: “Па-першае, відаць, мае рацыю Сьвятлана Алексіевіч, калі гаворыць, што Васіль Быкаў быў апошнім прыкладам служэньня пісьменьніка літаратуры. А па-другое, у тым якраз і ўся бяда, што ў Беларусі вельмі мала людзей, якія б не зламаліся пад зьнешнім уціскам і выстаялі. І прыклад Васіля Быкава ў гэтым сэнсе мяне вельмі зьдзіўляе і ўражвае”.