Міністар замежных спраў Нямеччыны і магчымы кандыдат на пасаду канцлера Франк Вальтэр Штайнмаер у часе учорашняй сустрэчы кіраўнікоў замежнапалітычных ведамстваў ЭЗ заявіў пра падтрымку ўдзелу Беларусі ў праграме “Усходняе партнэрства”.
Як падае інтэрнэт-партал нямецкага выданьня FOCUS, Штайнмаер стаў у абарону “спрэчнай” зь гледзішча іншых палітыкаў прапановы партнэрства для Беларусі.
Згодна з апошнім рашэньнем Эўракамісіі, Беларусь разам Азэрбайджанам, Армэніяй, Грузіяй, Малдовай і Ўкраінай ўвайшла ў шасьцёрку постсавецкіх краін, на каапэрацыю зь якімі выдаткавана 600 мільёнаў эўра. (Раней на “Усходняе партнэрства плянавалася выдаткаваць 250 мільёнаў эўра, а Беларусь не разглядалася ў якасьці ўдзельніка праекту”.)
Як лічыць міністар замежных спраў ФРГ, апошнім часам у Беларусі назіраюцца нейкія “пачатковыя спробы выйсьця з ізаляцыі”, у тым ліку што да пытаньня дзейнасьці апазыцыі.
Падобнай пазыцыі прытрымліваецца і міністар замежных спраў Аўстрыі Міхаэль Шпіндэлегэр, які і раней настойваў на стварэньні захадаў па прадухіленьні эканамічнага каляпсу ў асобных постсавецкіх краінах. “Для нас важна, каб асобныя эканомікі былі забясьпечаныя пэўнымі гарантыямі, каб потым не было пэўных нечаканых эфэктаў, над якімі б разам не прышлося ламаць галаву”
Нямецкія аглядальнікі зьвяртаюць таксама ўвагу яшчэ на адну пазыцыю кандыдата ў канцлеры ФРГ Штайнмаера, якая ўчора была агучана ў Брусэлі. Размова ішла пра далейшае ўключэньне ва “Усходняе партнэрства” такіх краін як Расея і Турэччына.