З трох моладзевых актывістаў, якіх гвалтоўна забралі напрыканцы студзеня ў войска, два знаходзяцца ў шпіталях. Дзень абаронцы Айчыны Франак Вячорка правядзе ў Баранавіцкім шпіталі для вайскоўцаў проціпаветранай абароны, а Зьміцер Хведарук — у вайсковым шпіталі.
Актывіст незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Зьміцер Хведарук застаецца ў рэспубліканскім вайсковым шпіталі. Сёньня яму хірург паведаміць дату апэрацыі.
“Ставяцца вельмі добра, – расказаў Зьміцер Хведарук. – Вось днямі ў нас у частцы рыхтаваліся да правядзеньня 23 лютага. Шмат розных канцэртаў было. Камандаваньне ўвесь час падыходзіла і цікавілася, ці спадабалася мне. То бок ніякіх праблемаў няма. У той частцы, дзе я служу, жыцьцё ідзе па статуце. Амаль няма выпадкаў “дзедаўшчыны” ці зьдзекаў з вайскоўцаў.
Амаль няма выпадкаў дзедаўшчыны...
Па шчырасьці, безумоўна, вельмі не хапае сяброў і вучобы, але ў асноўным не хапае часу, бо застацца сам-насам у войску, каб памаліцца, амаль немагчыма”.
Франак Вячорка праходзіць лячэньне і абсьледаваньне ў Баранавіцкім шпіталі войскаў супрацьпаветранай абароны. Ён кажа, што ня мае прэтэнзіяў да мэдыкаў, якія намагаюцца эфэктыўна лячыць салдат, але ўмовы ў шпіталі не спрыяюць хуткаму выздараўленьню:
“Адна прыбіральня — ачко, горшае за “акрэсьцінскае”, на 50 чалавек. Адзін душ з паўхалоднай вадой. У прыбіральні дзірка... Адчуваецца, што рамонт не рабіўся цягам гадоў 30—40. Як толькі нехта адзін падхоплівае нейкую заразу, яе адразу ж падхопліваюць іншыя.
Як бы ні стараліся мэдыкі стварыць нармальныя ўмовы для нармальнага лячэньня, яны ня могуць, таму што ўлада папросту не дае грошай”.
Франак распавёў пра сваю службу:
“Тут мне даюць пігулкі ад сэрца, ад ціску. Апроч таго, я днямі застудзіўся. Празь некалькі дзён, калі мяне выпішуць, я вярнуся на службу ў Мазыр. Стасункі з начальствам і салдатамі вельмі добрыя. Давялося стаць своеасаблівым адвакатам салдатаў. Напрыклад, пасьля таго як напісаў у інтэрнэце, што не працуюць зьліўныя бачкі ў прыбіральні, на наступны дзень прыйшлі рабочыя і ўсё адрамантавалі. Пытаньне: дзе гэтыя рабочыя былі апошнія паўтара года?
Натуральна, усе салдаты палічылі гэта за маю перамогу. Пасыпаліся ідэі, прапановы, скаргі. Я думаю, што найбліжэйшыя паўтара года, калі давядзецца служыць увесь час, буду змагацца за правы салдатаў, якія трапілі на гэтую службу”.
Бацькі і сяброўка Івана Шылы наведалі хлопца ў лепельскай вайсковай частцы. Іван перадаў бацьку паўнамоцтвы на адстойваньне сваіх інтарэсаў у судовых інстанцыях. Крысьціна Самойлава апавяла, што Іван трымаецца бадзёра і на ўмовы салдацкага побыту ня скардзіцца:
Ён прызвычаіўся ўжо да таго, што зь ім адбываецца...
“Настрой у яго значна палепшыўся. Ён прызвычаіўся ўжо да таго, што зь ім адбываецца. Распавядаў пра вайсковыя будні, пра тое, чым ён там займаецца — выкананьнем баявой задачы...
Бацькі сказалі, што тое рашэньне, якое прынялі ў пятніцу ў салігорскім гарадзкім судзе — пра тое, што справа Івана будзе накіраваная ў лепельскі раённы суд, — яны будуць абскарджваць цягам 10 дзён”.
Нагадаем: 7 лютага Іван Шыла, Франак Вячорка і Зьміцер Хведарук прынялі вайсковую прысягу, нягледзячы на тое, што іх затрымалі каго дома, каго на вуліцы і гвалтоўна паадвозілі ў вайсковыя часткі.