Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Салігорскі суд скіроўвае пазоў Івана Шылы ў суд вайсковы


Іван Шыла
Іван Шыла
Гарадзкі суд Салігорску прыняў рашэньне накіраваць пазоў Івана Шылы ў Міжгарнізонны вайсковы суд Лепелю. Сябра незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” абскарджвае рашэньне прызыўной камісіі, якая прызнала яго прыдатным да вайсковай службы без мэдычнага абсьледаваньня. Тым часам моладзевыя актывісты Іван Шыла, Франак Вячорка і Зьміцер Хведарук, якія былі гвалтоўна забраныя ў войска, маюць праблемы са здароўем.

Пра накіраваньне пазову на разгляд вайсковага суду хадайнічаў пракурор, які патлумачыў, што Іван Шыла прыняў прысягу і зараз пытаньнем ягонай далейшай службы могуць займацца толькі вайскоўцы. Бацька Ўладзімер Шыла, які быў прадстаўніком Івана ў судзе, пракамэнтаваў вынікі папярэдняга слуханьня:

На вайсковы суд вельмі малыя спадзяваньні.
“Па-першае, на вайсковы суд вельмі малыя спадзяваньні. Па-другое, Івану там будзе вельмі цяжка сябе бараніць, бо ў яго будуць абмежаваныя магчымасьці. Па-трэцяе, калі я кантактаваў з Іванам яшчэ тры дні таму, дык яму ўжо тады кіраўніцтва часткі заявіла, што ягоную справу ў салігорскім райсудзе ніхто разглядаць ня будзе, а будзе разглядаць Міжгарнізонны лепельскі вайсковы суд. Адкуль яны ведалі, цікава, калі рашэньне суду зьявілася толькі сёньня? Гэта значыць, што суд загадзя вызначыў пазыцыю, якая вельмі выгодная для яго. Ад сёньня я маю дзесяць дзён на абскарджаньне гэтага рашэньня ў Менскім абласным судзе. Пакуль будзе доўжыцца працэс абскарджваньня, справа ня можа быць перададзеная ў Міжгарнізонны суд”.

Франак Вячорка
Тым часам, з прычыны захворваньня сьпіны і горла, большую частку сваёй дагэтуляшняй службы Іван Шыла правёў у санчастцы. З-за гэтага камандзіры вінавацяць яго ў сымуляцыі і нават пагражаюць перавесьці ў дысцыплінарны батальён. З-за праблемаў з артэрыяльным ціскам і сэрцам Франак Вячорка атрымаў накіраваньне на абсьледаваньне ў вайсковы шпіталь Барысава. Але цяпер ён знаходзіцца ў санчастцы ў Баранавічах, дзе лекуецца ад прастуды, кажа Франкава маці Арына Вячорка:

“Доктар, зь якім я размаўляла, кажа, што мы яго адправілі лекавацца. Калі яго адпраўляць у Барысаў на абсьледаваньне па сэрцы, то ён, канечне ж, напачатку павінен вылечыць свой вірус. Няма чаго яму прастуджанаму і хрыпатаму езьдзіць цяпер — няхай сядзіць і лекуецца. Гэтым зараз Франак і займаецца, і прынамсі будзе там заставацца да панядзелка-аўторка”.

Зьміцер Хведарук
Зьміцер Хведарук, забраны ў войска гэтаксама гвалтоўна, мае патрэбу ў апэрацыі. У яго — варыкознае пашырэньне венаў. Але, безадносна да прынятай прысягі, вайсковыя мэдыкі змогуць заняцца ім толькі праз тры месяцы ад пачатку службы. Такім чынам, апэрацыя Зьмітру Хведаруку мае быць праведзена не раней за 14 красавіка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG